За першыя дні жніўня ў Беларусі на вадзе загінулі 17 чалавек



У Беларусі рэзка ўзрасла колькасць трагедый на вадзе. Гэта адзін з вынікаў анамальнай спёкі. За першыя дні жніўня загінулі 17 чалавек.

Па-ранейшаму галоўны чыннік няшчасных здарэнняў – ужыванне алкагольных напояў каля вадаёмаў. Так пад Пінскам трагічна скончыўся адпачынак для кампаніі сяброў, паведаміў старшыня мясцовага Таварыства выратавання на вадзе Юрый Пічугін:

– Група маладых пінчанаў адпачывала, па папярэдніх звестках, з ужываннем алкагольных напояў. Адзін з гэтых хлопцаў пайшоў купацца, нейкі час плаваў, а затым знік з паверхні вады. Сябры пачалі ныраць, выцягнулі яго, прыводзілі ў пачуццё, але, на жаль, вярнуць да жыцця не ўдалося.

Ратавальнікі заклікаюць грамадзян быць пільнымі пад час адпачынку ў спякоту каля вадаёмаў. Акрамя алкаголю, нельга доўга знаходзіцца на сонцы альбо рэзка скочыць у ваду.  

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя