За пікет і распаўсюд “экстрэмізму” ўлады арыштавалі наваполацкую прадпрымальніцу



Суддзя суда Наваполацка Сняжана Калінічэнка 10 жніўня пастанавіла арыштаваць на 20 сутак мясцовую прадпрымальніцу, уладальніцу Студыі MAGIC WOOD Алену Зубаву. На думку суддзі, яна правяла ў сацыяльных сетках не дазволены ўладамі пікет і віртуальна распаўсюдзіла «экстрэмісцкія» матэрыялы, паведамляе „Віцебская вясна”.

У судзе былі агучаныя доказы таго, што Зубава нібыта на сваёй персанальнай старонцы ў сетцы «Facebook» мела спасылку на канал «Радыё Свабода». Там жа прысутнічала выява паходні аранжавага колеру, якая ўключана ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Таксама па версіі суда Алена правяла без дазволу Наваполацкага гарвыканкама пікет у «Facebook», які заключаўся ў тым, што яна змясціла ў сацыяльнай сетцы сваю фатаграфію на фоне сіне-жоўтага сцяга Украіны.

«Правапарушальніца» ў судовым паседжанні віну не прызнала, але не адмаўляла таго, што мае ў сацыяльнай сетцы «Facebook» сваю старонку, якую карыстала для зносін і абмену фатаграфіямі.

Аднак, суддзя Калінічэнка вырашыла, што ў дзеяннях Зубавай змяшчаецца склад адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных ч.2 арт.19.11, ч.1 арт.24.23 КаАП.

На падставе гэтага суддзя за распаўсюд «экстрэмізму» пакарала прадпрымальніцу арыштам на тэрмін 15 сутак, а за пікетаванне – на 10 сутак.

У выніковай пастанове, шляхам частковага складання, суддзя канчаткова вызначыла для Зубавай спагнанне ў выглядзе арышту тэрмінам на 20 сутак.