“За права на мірныя сходы трэба змагацца”
Больш за 600 рублёў штрафу за акцыю ля Дома Ураду. Пятру Маркелаву і Вячаславу Касінераву прысудзілі па 25 базавых велічыняў нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. У панядзелак некалькі чалавек выйшлі на Плошчу Незалежнасці з надпісам “Дэкрыміналізацыя 328”, каб выказаць свой супраціў крымінальнаму пераследу спажыўцоў марыхуаны.
Абодва актывісты былі затрыманыя яшчэ ўчора (у аўторак), а родзічы не маглі дабіцца дакладнай інфармацыі аб іх месцазнаходжанні, сведчыць жонка Вячаслава Касінерава Марына Насенка:
– Увесь вечар шукалі Пятра Маркелава і Вячаслава. Я асабіста Вячку шукала, тэлефанавала ў РАУС і на Акрэсціна. Нідзе нічога не казалі. Толькі змагла яго знайсці праз бюро нясчасных выпадкаў. Толькі там сказалі нейкую інфармацыю. Бюро паведаміла, што ён знаходзіцца ў ІЧУ.
Суд Маскоўскага раёна, дзе праходзіла разбіральніцтва, таксама адмовіўся даць сваякам інфармацыю пра паседжанне. Самыя ж актывісты зазначаюць, што будуць працягваць змагацца за права на мірныя сходы.
Гаворыць Пётр Маркелаў:
– Нашая акцыя цягнулася каля адной хвіліны. І за гэтую хвіліну тры чалавекі пакараныя штрафам. Гэта я лічу ненармальным. Трэба змагацца за базавыя правы чалавека, права грамадзяніна на мірныя сходы, права на свабоду слова, на выказванне свайго меркавання.
Вячаслаў Касінераў:
– Асабіста я бачу гэта як адказ на цемрашальныя заявы Шуневіча, якія пасля 25 сакавіка ён сабе дазваляў. Ён сказаў, што ўсё несанкцыянаванае будзе закрывацца, зачышчацца. То бок, ніхто нічога нават не паспее зрабіць. І гэта быў адказ: “Наце! Паспеем!”
Судзілі Пятра Маркелава і Вячаслава Касінерава суддзі Віктар Казак і Таццяна Мотыль. Адметна, што апошняя не дазваляла сведкам адказваць на пытанні адваката Касінерава без свайго спецыяльнага дазволу.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара