За шэсць месяцаў патанула 305 чалавек



У Таварыстве выратавання людзей на вадзе зрабілі аналіз няшчасных выпадкаў на вадаёмах краіны за першае паўгоддзе. За шэсць месяцаў патанула 305 чалавек з якіх 33 дзяцей. Амаль 40% ахвяраў, а гэта 119 чалавек, у момант трагедыі знаходзіліся ў стане алкагалёвага ап’янення.

Па словах ратавальніка Аляксея Нагорнага, ужываць спіртовыя напоі каля вады не толькі небяспечна, але і забаронена адпаведнымі правіламі:

– На агульным фоне, безумоўна, вельмі мала, але ёсць групы, якія прыязджаюць і якія ўжываюць спіртныя напоі. Гэта грамадскае месца, і ўжыванне спіртнога ў грамадскіх месцах – гэта правапарушэнне. Атрымліваецца, што замест адпачынку на беразе возера, людзі аказваюцца ў пастарунку міліцыі, а потым плацяць штрафы. Я лічу, што гэта нікому не трэба.

Ёсць і станоўчая статыстыка, за першае паўгодзе атрымалася выратаваць 287 чалавек з якіх 88 дзеці. Папярэджанні за парушэнне правілаў бяспекі на вадзе атрымала звыш 17 тысяч жыхароў краіны.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя