За што беларусаў судзілі ў лістападзе



У лістападзе праваабаронцам „Вясны” стала вядома пра не менш за 465 палітычна матываваных судоў па адміністрацыйных справах, з якіх было прызначана мінімум 69 арыштаў і 105 штрафаў. Таксама за мінулы месяц павялічылася колькасць выпадкаў пераследу родных актывістаў, якія з’ехалі за мяжу. 

Так, напрыклад, у сярэдзіне лістапада ў Навагрудку мясцовага індывідуальнага прадпрымальніка асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Паводле пратакола, мужчына паставіў „клас” пад публікацыяй з „інфармацыяй палітычнай накіраванасці”. Суд аштрафаваў яго на 1 850 рублёў (50 базавых велічыняў).

У судзе Маскоўскага раёна Менска 11 лістапада адбыўся суд над жанчынай, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.

Яе прызналі вінаватай у „пікетаванні рамкай з выявай „Пагоні” на нумары аўтамабіля” (арт. 24.23 КаАП). Вынікам суда стаў штраф памерам у 1 110 рублёў (30 базавых велічыняў).

Маці дарадцы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву прызначылі 15 сутак арышту.
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. Паводле іх, суткі Інэсе Ворыхавай прызначылі ў якасці папярэджання за рассылкі і рэпосты — і што „калі яна не зразумее, то атрымае крыміналку”.

Беларускую мастачку Ганну Крук арыштавалі на 13 сутак.
Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай для затрымання стаў артыст-ток Ганны ў адной з кавярняў Менска. Разам з Ганнай былі 30 лістапада затрыманы яшчэ хлопец і дзяўчына. Супрацоўнікі міліцыі склалі супраць іх пратаколы паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Суд Ленінскага раёна Менска пакараў Ганну і хлопца 13-сутачным арыштам, а яшчэ адну дзяўчыну арыштавалі на 12 сутак.

вясна