За што пікетоўшчыкі плацяць міліцыі?



Бярозаўская міліцыя зноў высока ацаніла кошт сваёй паслугі для пікетоўшчыкаў на 25 сакавіка. За гадзіну пікету трое заяўнікаў павінны заплаціць 1 мільён 280 тысяч. Замест аднаго сяржанта, як прасілі заяўнікі пікету,  ім прызначылі чатырох асобаў сярэдняга кіроўнага складу з расцэнкай 160 тысяч за гадзіну. „Замест адной гадзіны прапанавалі дзве – іначай нельга”, – сказаў выконваючы абавязкі начальніка аддзела аховы правапарадку Мікалай Пракурат.

rusetski_1

 

Адзін з заяўнікаў пікету Сяржук Русецкі сумняецца ў законнасці прапанавай аплаты:

– Калі праводзіўся пікет 27 ліпеня, міліцыя ў дамове напісала абслугоўванне тры з паловай гадзіны і прысутнічала тады 10 супрацоўнікаў РАУС. Гэтым разам колькасць супрацоўнікаў зменшылі да 4 чалавек і час абслугоўвання скарацілі да 2 гадзін. Такія кошты – дадатковы стрымліваючы фактар правядзення масавых мерапрыемстваў, бо ў час крызісу гэта не такія малыя грошы.

Паводле заяўнікаў пікету,  заключэнне дамовы з фізічнымі асобамі не прадугледжана законам. А тое, што пікетоўшчыкі нібыта для пікету выкарыстоўваюць тэрыторыю юрыдычнай асобы – гэта падстава для адмовы, “прыцягнутая за вушы”. Берасцейская міліцыя, да прыкладу, за аналагічныя паслугі грошы не бярэ.

Бярозаўскія заяўнікі пікету плануюць абскардзіць такі падыход мясцовай міліцыі.

Беларускае Радыё Рацыя