За што плаціць “дармаед”?



Інспекцыя міністэрства па падатках і зборах Беларусі па Гарадзенскай вобласці заахвочвае жыхароў рэгіёна, якія не працуюць больш за 183 дні ў год, дабраахвотна выплаціць кампенсацыю на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў у памеры дваццаці базавых велічынь.  “Дармаедам”, якія здолеюць  самастойна ажыццявіць выплаты да 31 траўня 2016 года, прадугледжана дзесяціпрацэнтная зніжка – замест трох мільёнаў шасцісот тысяч рублёў патрабуецца аплата ў памеры трох мільёнаў двухсот сарака тысяч.

Патрабаванні падаткавікоў абумоўленыя дэкрэтам прэзідэнта Рэспублікі Беларуь ад 2 красавіка бягучага года “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, які, па словах праваабаронцы Гары Паганяйла, з’яўляецца дакумантам, парушаючым правы чалавека:

– Гэта і ёсць класічная формула прымусовай працы. Фактычна ўсе працаздольныя грамадзяне прызнаюцца плацельшчыкамі гэтага збора. Збора за што? За тое, што мы жывем на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь? Дыхаем паветрам беларускім? Уладзе хочацца прымусіць усіх працаваць!

Асобы, якія адмаўляюцца працаваць ці фінансаваць дзяржаўныя выдаткі згодна з заканадаўтвам будуць прыцягвацца да адказнасці  – як адміністрацыйнай (штраф у памеры ад 2 да 4 базавых велічынь), так і арышту з абавязковым прыцягненнем да прымусовых працаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня