За сустрэчу з Сяргеем Ціханоўскім – папярэджанне ад віцебскай пракуратуры



Афіцыйнае папярэджанне наконт недапушчальнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах далі жыхару Віцебска Аляксею Саламаненку. Несанкцыянаваным пікетам пракуроры палічылі стрым блогера Сяргея Ціханоўскага, які прыязджаў у Віцебск 30-га красавіка.

Паводле Аляксея Саламаненкі, забараняць людзям сустракацца на вуліцы несправядліва:

– Проста людзі сустрэліся, паразмаўлялі. Я ўвогуле не разумею: атрымліваецца, што ў нас людзям увогуле на вуліцы сустракацца нельга, калі дамовіцца праз сацыяльныя сеткі. Я лічу, што гэта несправядліва, і, шчыра сказаць, для мяне ўвогуле неяк дзікавата, што ёсць такі артыкул…Я сябе не лічу правапарушальнікам, і я адмовіўся даваць паказанні супраць самога сябе на падставе артыкула 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, папярэджанне пракуратуры не мае карных наступстваў, а на дадзены момант выкарыстоўваецца для запалохвання:

– У адпаведнасці з Законам аб пракуратуры, пракурорскае папярэджанне – гэта акт пракурорскага рэагавання. У прынцыпе, ён не нясе ніякіх прававых наступстваў. Гэта такі акт запалохвання, які пачаў прымяняцца з пачаткам гэтай электаральнай кампаніі, гэта такі элемент, каб застрашыць.

Паводле Паўла Левінава, пракурорскае папярэджванне не замяняе судовага пакарання: калі міліцыя складзе пратакол на Аляксея Саламаненку і перадасць яго ў суд, то ён можа быць аштрафаваны або пакараны арыштам. Наколькі вядома на гэты момант, пратакол за ўдзел у стрыме 30-га красавіка на Аляксея Саламаненку не складалі. Але 22 траўня яго будуць судзіць за так званае кармленне галубоў – акцыю грамадскай салідарнасці, што прайшла ў Віцебску 3-га траўня.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск