За суткі сабралі больш за 47 тысяч рублёў на аднаўленне будслаўскага касцёла



За мінулыя суткі на аднаўленне пацярпелага ад пажару нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай (касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі) сабрана больш за 47 тысяч рублёў, паведамляе на сваёй старонцы ў Instagram рэлігійная місія „Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас” (Caritas) Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

„Дарагія, з вашай дапамогай на сённяшні дзень на аднаўленне пашкоджанай пажарам будслаўскай святыні праз сістэму „Разлік” (АРІП) мы сабралі 47.878 BYN”, — гаворыцца ў паведамленні місіі.

Рэквізіты для пералічэння ахвяраванняў апублікаваныя на старонцы Caritas і партале Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

11 мая ў будслаўскім касцёле здарыўся пажар, з-за якога абваліўся дах. Абраз Маці Божай Будслаўскай, найсвяцейшы сакрамант ды іншую маёмасць паспелі вынесці. Паведамленне пра пажар паступіла ў МНС у 7.47. У 11.24 пажар быў лакалізаваны, у 15.21 — ліквідаваны. Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі папрасіла вернікаў дапамагчы ў аднаўленні касцёла.

Мядзельскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў справу паводле ч. 2 арт. 304 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне, што пацягнула па неасцярожнасці ўзнікненне пажару, які прычыніў шкоду ў буйным памеры). Для ўстанаўлення прычыны пажару прызначаная комплексная пажарна-тэхнічная экспертыза.

12 мая быў створаны тэлеграм-канал „Адновім Будслаў разам!” для каардынацыі валанцёраў, якія жадаюць дапамагчы ў пераадоленні наступстваў пажару. У адным з апошніх паведамленняў адзначана, што для дэмантажу даху і рэшты перакрыццяў на даху патрабуецца дапамога альпіністаў і людзей з допускам да працы на вышыні. „Трэба спускаць дадолу бэлькі і рэшткі металічнага даху”, — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя того, 12 мая па выніках экстраннай нарады пры курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі створаная спецыяльная камісія па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі і аднаўленні будслаўскага касцёла. Камісію ў складзе васьмі асоб ачоліў вікарый Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі. „Камісія неадкладна прыступіла да працы па вырашэнні пастаўленых актуальных задач”, — зазначаў партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

БелаПАН