За суткі ў Беларусі зафіксаваны 161 новы выпадак COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 72.302 (+161 за апошнія суткі), памерла 696 чалавек (+5), паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

За мінулыя суткі колькасць новых выпадкаў інфікавання трохі знізілася — днём раней іх было 179 (пяць смерцяў).

Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 71.205 пацыентаў (305 за апошнія суткі).

Праведзена 1.554.129 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 10.163.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку тых, хто захварэў па абласцях і Мінску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Больш як чатыры месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

28 жніўня Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што ў верасні ў Беларусі плануецца пачаць клінічныя выпрабаванні расійскай вакцыны ад COVID-19.

У той жа дзень Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што Беларусь першай атрымае расейскую вакцыну, пра што ён дамовіўся з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. „Мы дамовіліся з Пуціным, Уладзімір Уладзіміравіч сам прапанаваў нам гэты варыянт. Яны ўжо прайшлі два этапы. Я яму (Пуціну. — БелаПАН.) чаму веру: ён на сваёй сям`і выпрабаваў гэтую вакцыну. Таму мы дамовіліся, што яны нас падключаць. Яны вельмі сур`ёзна этапы прайшлі. Многія вядомыя алігархі зрабілі гэтую прышчэпку”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, з Расеяй ужо многія краіны заключылі дамовы на закупку вакцыны, калі пачнецца яе масавая вытворчасць пасля трэцяга этапу выпрабаванняў. „Мне прэзідэнт Пуцін паабяцаў, што першай будзе Беларусь, калі такое жаданне будзе ў нашага кіраўніцтва, — сказаў Лукашэнка. — Таму хвалявацца не трэба. Мы, вядома, не толькі расійскую вакцыну паспрабуем, паглядзім і іншыя. Але трэба аддаць належнае, што расейцы, кітайцы і амерыканцы ідуць наперадзе ў стварэнні і вытворчасці вакцын”.

Адказваючы на пытанне пра другую хвалю пандэміі, Лукашэнка заявіў аб правільнасці абранай у Беларусі стратэгіі не ізаляваць і не закрываць усё на каранцін. Паводле яго слоў, неэфектыўнасць такой меры ўжо прызнае і кіраўніцтва Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. „Толькі праз месяцы вы зразумелі, што Лукашэнка зрабіў правільна, што не закрыў вытворчасці, не ізаляваў вас. Мы прыстасаваліся да гэтага жыцця, наш імунітэт увесь час змагаўся з гэтай заразай”, — сказаў ён.

belapan.by