За суткі ў Беларусі зафіксаваныя 477 пацверджаных выпадкаў COVID-19, шэсць чалавек памерлі
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 81.982 (+477 за апошнія суткі), памерла 880 чалавек (+6), паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Другія суткі запар прырост выпадкаў інфекцыі павялічваецца. 6 кастрычніка, паводле афіцыйнай статыстыкі, было 415 новых выпадкаў, да гэтага — 394.
Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіўся і выпісаны 76.081 пацыент (398 за апошнія суткі).
Праведзена 1.999.089 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 22.261.
Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Больш за пяць месяцаў міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.
8 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з прадстаўнікамі сферы аховы здароўя заявіў, што каронавірусная інфекцыя COVID-19 „відавочна зноў увайшла ў інтэнсіўную фазу распаўсюджвання”. „Ідзе другая хваля (думаю, гэта ўсё ж такі другая хваля, а не ўсплёск першай). Частка нашых суседзяў па захворванні наблізілася да пікавых вясновых узроўняў. Падобная тэндэнцыя, як вы не горш за мяне ведаеце, назіраецца і ва ўсім свеце. Мы ўбаку не застаёмся. Няхай у нас і не такі рэзкі ўздым захворвання, але ён прысутнічае”, — сказаў Лукашэнка.
Выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч па выніках гэтай нарады паведаміў, што тэрміны ізаляцыі для тых, хто прыбывае з-за мяжы, і кантактаў першага ўзроўню па COVID-19 у краіне скароцяць да 10 дзён. Ён растлумачыў, што прычынай такіх зменаў сталі практычныя назіранні айчынных спецыялістаў, згодна з якімі праявы хваробы адбываліся звычайна не пазней за сёмы дзень пасля кантакту з хворым на каронавірус.