За суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.046 выпадкаў COVID-19



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.046 выпадкаў COVID-19, памерла дзевяць чалавек з каронавіруснай інфекцыяй. З лякарняў выпісаныя 862 пацыенты, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць новых выпадкаў COVID-19 за суткі вырасла — 22 сакавіка былі зарэгістраваныя 983 хворыя. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 выпадкаў.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 312.474, памерла 2.175 пацыентаў з каронавірусам, ачуняла — 303.030.

За мінулыя суткі зроблена 8.267 тэстаў на каронавірус (днём раней — 10.617). Усяго з пачатку эпідэміі праведзена 5.234.666 тэстаў.

Сёння пры наведванні Віцебскага медуніверсітэта міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч паведаміў, што да трэцяй хвалі пандэміі каронавірусу, якая чакаецца ў канцы сакавіка-пачатку красавіка, сістэма аховы здароўя Беларусі гатовая.

Паводле яго слоў, важна не баяцца новай хвалі, а „прымаць меры засцярогі, прычым усяму грамадству”. „Трэцяя хваля ў любым выпадку чакаецца. Іншае пытанне, наколькі яна будзе інтэнсіўная”, — сказаў ён.

БелаПАН