За суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.255 выпадкаў COVID-19
За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.255 выпадкаў COVID-19, памерлі 10 чалавек з каронавіруснай інфекцыяй. З бальніц выпісана 1.198 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
27 красавіка было зарэгістравана ў паўтара разу менш хворых — 823. Рэкорд захворвання прыйшоўся на 12 снежня 2020 года — 1.975 выпадкаў.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 355.924, памерла 2.522 пацыенты з каронавірусам, ачуняла — 346.148.
За мінулыя суткі выканана 17.479 тэстаў на каронавірус, што ў 1,8 разу больш, чым днём раней (9.395). Усяго з пачатку эпідэміі зроблена 5.815.234 тэсты.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, на сённяшні дзень 270,5 тыс. чалавек атрымалі першую дозу вакцыны супраць COVID-19, больш як 93,5 тыс. прайшлі поўны курс вакцынацыі.