За суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.708 выпадкаў COVID-19
За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.708 выпадкаў COVID-19, памерлі дзевяць чалавек з каронавіруснай інфекцыяй, выпісана з бальніц 1.959 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, за суткі колькасць новых выпадкаў COVID-19 практычна не змянілася — 3 лютага іх было 1.711. Рэкорд захворвання прыйшоўся на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 253.413, памерлі 1.755 пацыентаў з каронавірусам. Ачунялі 241.150 чалавек.
За мінулыя суткі выканана 16.975 тэстаў на каронавірус (усяго — 4.519.705).
Напярэдадні галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Расеі, кіраўнік Расспажыўнагляду Ганна Папова перадала Беларусі новую вакцыну ад каранавіруса „ЭпіВакКарона” і выказала ўпэўненасць, што вакцына паслужыць захаванню здароўя медработнікаў, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі. „Акрамя таго, мы перадалі тэст-сістэму новага пакалення для вызначэння віруса”, — цытуе яе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
„Мы, вядома, спадзяемся, што гэтая вакцына будзе пастаўленая ў большай колькасці і яна дапаможа ў комплексным супрацьдзеянні каронавірусу. Гэта вельмі добрая вакцына, ацэньваецца вельмі высока”, — сказаў кіраўнік беларускага ведамства Дзмітрый Піневіч.
19 студзеня ў Беларусі пачалася вакцынацыя медработнікаў ад каронавіруса расейскай вакцынай „Спадарожнік V”. Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, гэтую працэдуру прайшлі ўжо каля 10 тыс. спецыялістаў па ўсёй краіне — больш за 51% медработнікаў, якія выказалі жаданне прышчапіцца ў першую чаргу.
Масавую вакцынацыю насельніцтва ў краіне плануецца пачаць у красавіку.