За суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.732 выпадкі COVID-19
За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.732 выпадкі COVID-19, памерла 10 чалавек з каранавіруснай інфекцыяй, выпісана з бальніц 2.236 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, за суткі колькасць новых выпадкаў COVID-19 нязначна знізілася — 6 лютага іх было 1.787. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 258.691, памерлі 1.783 пацыенты з каранавірусам. Ачунялі 247.177 чалавек.
За мінулыя суткі выканана 19.358 тэстаў на каранавірус (усяго — 4.577.305).
Як паведамляла Міністэрства аховы здароўя, недзяржаўныя арганізацыі аховы здароўя, якія маюць ліцэнзію на аказанне лабараторнай дыягностыкі, у межах дзяржаўна-прыватнага партнёрства могуць праводзіць тэсты на COVID-19 метадам ПЛР. Прыватнікам дазволена прымяняць да межавага максімальнага тарыфу павышальны каэфіцыент да 1,5. Пры гэтым неабходна выконваць суадносіны аказання адной такой паслугі дзяржарганізацыям аховы здароўя на бязвыплатнай аснове і двух — на платнай аснове.
Спецыялістамі Міністэрства аховы здароўя і МАРГ усталяваны межавы кошт даследавання — не больш за 79,5 рубля.