За суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.756 выпадкаў COVID-19
За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.756 выпадкаў COVID-19, памерлі 10 чалавек з каронавіруснай інфекцыяй. З бальніц выпісана 1.725 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
20 мая было зарэгістравана 1.457 хворых, 19 мая — 1.378, 18-га — 1.179, днём раней — 1.191. Афіцыйны сутачны рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 выпадкаў.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 383.302, памерлі 2.752 пацыенты з каранавірусам, ачуняў — 373.391.
За мінулыя суткі выканана 20.066 тэстаў на каранавірус (днём раней 20.741). З пачатку эпідэміі зроблена 6.174.150 тэстаў.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, першую дозу вакцыны супраць COVID-19 атрымалі больш за 407,7 тыс. беларусаў, больш за 277,8 тыс. прайшлі поўны курс вакцынацыі.
Напярэдадні міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч на штотыднёвай відэаканферэнцыі па сітуацыі з COVID-19 з кіраўнікамі лячэбных устаноў паведаміў, што ў Беларусі трэцяя хваля каранавіруса ў самым разгары, але сітуацыя не будзе такой напружанай, як мінулай восенню. „Цяжкіх пацыентаў шмат — гэта служыць маркерам складанай сітуацыі. Калі ў лічбах, то, напрыклад, колькасць шпіталізаваных у 2,5 разу менш, чым на піку восеньскай хвалі, а вось колькасць цяжкіх пацыентаў меншая толькі ў 1,5 разу”, — цытуе чыноўніка прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.