За суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.787 выпадкаў COVID-19



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.787 выпадкаў COVID-19, памерлі дзевяць чалавек з каронавіруснай інфекцыяй, выпісана з бальніц 1.797 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за суткі колькасць новых выпадкаў COVID-19 змянілася нязначна — 5 лютага іх было 1.708. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 256.959, памерлі 1.773 пацыенты з каронавірусам. Ачуняў 244.941 чалавек.

За мінулыя суткі выканана 19.135 тэстаў на каронавірус (усяго — 4.557.947).

Як паведамляла Міністэрства аховы здароўя, цяпер недзяржаўныя арганізацыі аховы здароўя, якія маюць ліцэнзію на аказанне паслуг лабараторнай дыягностыкі, у рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства могуць праводзіць тэсты на COVID-19 метадам ПЛР. Прыватнікам дазволена ўжываць да гранічнага максімальнага тарыфу павышальны каэфіцыент да 1,5. Пры гэтым неабходна будзе выконваць суадносіны аказання адной такой паслугі дзяржарганізацыям аховы здароўя на бязвыплатнай аснове і двух — на платнай аснове.

Спецыялістамі Міністэрства аховы здароўя і МАРГ устаноўлены гранічны кошт даследавання — не больш за 79,5 рубля.

belapan.by