За суткі ў Беларусі зарэгістравана 597 выпадкаў COVID-19
За мінулыя суткі ў Беларусі афіцыйна зарэгістравана 597 выпадкаў COVID-19, памерлі дзесяць чалавек з каронавіруснай інфекцыяй. З лякарняў выпісана 493 пацыенты, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Мінімальнае сутачнае захворванне было зафіксавана 9 лютага (561 хворы).
7 чэрвеня было зарэгістравана 570 хворых, 6 чэрвеня — 943, 5 чэрвеня — 857, днём раней — 1.183. Афіцыйны сутачны рэкорд захворвання прыйшоўся на 12 снежня 2020 года — 1.975 выпадкаў.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 401.019, памерла 2.929 пацыентаў з каронавірусам, ачуняла — 393.237.
За мінулыя суткі выканана 9.130 тэстаў на каронавірус (днём раней 10.593). З пачатку эпідэміі зроблена 6.447.553 тэсты.
Напярэдадні Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што трэцяя хваля каронавірусу „патроху спадае і Менск ужо гатовы паступова вяртаць лякарні да ранейшага рэжыму працы”.
Адзначалася, што па ліку пацыентаў трэцяя хваля менш інтэнсіўная, чым другая. „Але COVID-19 прыўнёс гэтым разам новае — было дастаткова шмат цяжкіх пацыентаў, рэанімацыя працавала ў напружаным рэжыме”, — гаварылася ў паведамленні.