За суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 609 выпадкаў COVID-19



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 609 выпадкаў COVID-19, памерлі восем чалавек з каранавіруснай інфекцыяй. З бальніц выпісаныя 564 пацыенты, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць новых выпадкаў COVID-19 за суткі значна знізілася — 9 сакавіка былі зарэгістраваныя 1.073 выпадкі. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 298.123, памерлі 2.063 пацыенты з каранавірусам, паправіліся — 288.613.

За мінулыя суткі зроблена 7.030 тэстаў на каранавірус (усяго 5.032.074).

Як паведамляе Брэсцкі гарвыканкам, з 10 сакавіка ў горадзе пачынаецца імунізацыя работнікаў адукацыі і сацыяльнай абароны супраць інфекцыі СОVID-19 расійскай вакцынай „Спадарожнік V”. „З красавіка плануем праводзіць імунізацыю астатняга насельніцтва. Усе ахвотныя могуць запісацца загадзя ў тэрытарыяльнай паліклініцы ў свайго ўчастковага тэрапеўта альбо па тэлефоне кол-цэнтра (інфармацыя аб нумарах тэлефонаў размешчаная на сайтах устаноў аховы здароўя і інфармацыйных стэндах)”, — гаворыцца ў паведамленні на сайце выканкама.