За суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 995 выпадкаў COVID-19
За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 995 выпадкаў COVID-19, памерлі восем чалавек з каранавіруснай інфекцыяй. З бальніц выпісаныя 1.299 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць новых выпадкаў COVID-19 за суткі знізілася — 13 сакавіка было зарэгістравана 1.182 выпадкі. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 302.323, памерлі 2.095 пацыентаў з каранавірусам, паправіліся — 293.485.
За мінулыя суткі зроблена 18.579 тэстаў на каранавірус (усяго — 5.101.314).
12 сакавіка падчас візіту ў Маладзечанскую цэнтральную раённую бальніцу (Менская вобласць) міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў журналістам, што ўзровень захворвання на каранавірус у Беларусі цяпер на 40% ніжэйшы за пік восеньскай хвалі 2020 года.
Кіраўнік міністэрства запэўніў, што сістэма аховы здароўя застаецца ў поўнай гатоўнасці, не аслабляюцца ўсе рэжымныя мерапрыемствы, якія тычацца рэспіраторнага этыкету. „Масачны рэжым застанецца ў нас як мінімум да летняга сезону, а можа, і больш. Ён сваю ролю адыграў і будзе іграць надалей”, — сказаў чыноўнік.