„За свой горад” пачынае ў Берасці новую кампанію
Да маніторынгу дваровых тэрыторый заклікаюць далучыцца на Берасцейшчыне прадстаўнікі арганізацыі „За свой горад”.
Пра старт адпаведнай кампаніі паведаміў палітык Ігар Маслоўскі. Прапануецца прадставіць факты, якія будуць сведчыць пра неадпаведную прыборку двароў, а таксама звалак бытавых адходаў, — адзначыў грамадскі дзеяч:
– Улетку скарацілі берасцейскіх дворнікаў, куды пайшлі грошы — невядома, магчыма, на АМАП. Таму мы зараз хочам сабраць усе магчымыя факты неналежнай уборкі дваровых тэрыторый падраднымі арганізацыямі, факты няправільнага абыходжання з цвёрдымі бытавымі адходамі і гэтак далей. Мы просім жыхароў нашага горада даслаць нам фота з апісанне праблемы на нашу паштовую скрыню, а таксама лічым неабходным размяшчаць такія факты ў сацыяльных сетках.
Публічнасць такіх недахопаў будзе спрыяць вырашэнню праблемаў. Да таго ж варта выкарыстоўваць лакалізацыю і падпісваць такія фотаздымкі, — дадаў Ігар Маслоўскі.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце