За ўчорашні “жаночы ланцуг” жыхарак Віцебску будуць судзіць



Каля 20-ці жанчын і дзяўчат, якія  выйшлі 12-га жніўня да Ратушы ў Віцебску, апрануўшыся ў белае  і з кветкамі ў руках, забралі ў пастарунак. Пра затрыманне распавядае Ірына Барысевіч:

– Прыехалi  хлопцы з Кастрычніцкага РАУСу, мы толькі 5 хвілін паспелі пастаяць. Адвезлі нас у пастарунак, і нас там 6 гадзін афармлялі. Спачатку нас у актавую залу пасадзілі, перапісалі імёны, месцы працы, пакуль там адбіткі пальцаў, фоткі… І адпусцілі, пакуль не паведамілі, калі там суд, калі там што…

Перш чым адпусціць дахаты, жанчын і дзяўчат накіроўвалі на гутарку з начальнікам Кастрычніцкага РАУС, распавяла Станіслава Цярэнцьева:

-Усе мусілі сустрэцца з начальнікам, і ён вырашаў, ці адпускаць нас дахаты, ці не. Але ён чытаў натацыі, што нам мусіць быць сорамна. Вось мне ён сказаў, што пасля нашых дзеянняў людзі пішуць у сацыяльных сетках, каб забівалі міліцыянтаў. І што гэта мы вінаватыя ў беспарадках у горадзе, а ў яго служаць хлопчыкі, маладзейшыя за мяне.

Усіх затрыманых адпусцілі пасля складання  пратаколаў  паводле артыкула 23.34 КаАП – як на ўдзельніц несанкцыянаванай акцыі. У пратаколах запісана, што жанчыны і дзяўчаты крычалі лозунгі і пляскалі ў ладкі. Гэтага не было, цвердзяць удзельніцы, бо яны трымаліся пад рукі, а ў руках трымалі кветкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск