За ўдзел у зборы подпісаў –  штраф і “суткі”



У Віцебску судзілі актывістаў за нібыта несанкцыянаваны мітынг падчас збору подпісаў 31-га траўня.

Віцебскай блогерцы Алене Янушкоўскай, затрыманай  яшчэ ў мінулую пятніцу, так і не ўдалося давесці, што яна мае поўнае права і падпісацца за вылучэнне кандыдата на прэзідэнта, і падзяліцца ўласнымі меркаваннямі праз так званы “вольны мікрафон:

– Я прыйшла на пікет, я ставіла подпіс у гэты дзень. У мяне ёсць канстытуцыйныя правы на свабоду слова, свабоду сходаў. Я лічу, што гэта поўнае парушэнне нашых правоў – тых, каго зараз судзяць. Так ужо яны спалохаліся, што Янушкоўская будзе крычаць “Лукашэнка, сыходзь!” , “Стоп таракан” і “Жыве Беларусь!”.

Суддзя райсуду Кастрычніцкага раёна Міхаіл Зубеня пакараў блогерку штрафам памерам 40 базавых велічынь (1080 рублёў). Амаль трое сутак да суду яе трымалі пад вартай у ізалятары часовага ўтрымання – нягледзячы на  наяўнасць хранічных хваробаў і тое, што сёлета яна перанесла дзве хірургічныя аперацыі.

Грамадскага актывіста Алега Паўлава ў райсудзе Чыгуначнага раёна пакаралі 5-цю суткамі арышту – з улікам часу, праведзенага ў ІЧУ з 6-га чэрвеня. Такую пастанову прыняла суддзя Алена Цыганкова.

Рашэнні судоў каментуе праваабаронца Павел Левінаў:

– Беларускае заканадаўства супярэчыць міжнароднаму праву і міжнародным абавязацельствам нашае краіны. Што штраф, што суткі за рэалізацыю права на мірныя сходы і выражэнне ўласных меркаванняў – гэта абсурд! І пакуль народ будзе цярпець, што за нашы падаткі нашых жа суграмадзянаў шукаюць і караюць, гэта будзе працягвацца!

У спісе тых, каго шукае міліцыя, каб скласці пратаколы за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным мітынгу 31-га траўня, каля 15-ці чалавек.  67-гадовы Уладзімір Мацкевіч ужо аштрафаваны на 20 базавых велічынь (540 рублёў). Вядома, што адміністрацыйныя справы ўжо пачатыя супраць Таццяны Севярынец, Аляксандра Якушкова, Яраслава Кійко і Людмілы Валадкевіч. Суду чакае і затрыманы 6-га чэрвеня Аляксандр Мацяюк.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск