За ўстаноўку крыжоў у Курапатах пачалі штрафаваць
Апазіцыйных актывістаў пачалі штрафаваць за самавольную ўстаноўку драўляных крыжоў на месцы масавых пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.
Як стала вядома пазбаўленаму рэгістрацыі Праваабарончаму цэнтру „Вясна”, актывіст Валерый Рабцаў атрымаў пастанову аб накладанні на яго штрафу за ўстаноўку крыжоў ва ўрочышчы Курапаты.
Адміністрацыйная камісія пры Менскім райвыканкаме прызнала Рабцава вінаватым у здзяйсненні правапарушэння па артыкуле 19.3 КоАП (парушэнне парадку і (або) умоў выканання работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях) і прыгаварыла да штрафу ў 15 базавых велічынь (367,5 рубля), паведамляе сайт spring96.org.
Падставай для прыцягнення да адказнасці стала тое, што 19 кастрычніка Рабцаў устанаўліваў у Курапатах крыжы без папярэдняга ўзгаднення з Міністэрствам культуры і мясцовымі выканаўчымі органамі.
Праваабаронцы адзначаюць, што ў канцы кастрычніка КУП „Мінскаблдарбуд” накіраваў Рабцаву, а таксама актывістам Дзмітрыю Дашкевічу, Сяргею Чайко, Ягору Лаўрухін і Сяргею Масюку прэтэнзіі з патрабаваннем у тэрмін да 31 кастрычнiка дэмантаваць 13 новых крыжоў. За невыкананне патрабаванняў „Мінскаблдарбуд” пагражаў самастойна дэмантаваць крыжы з далейшым выстаўленнем рахунку за работы, аднак гэтага пакуль не адбылося. У дачыненні да актывістаў былі вынесены пастановы аб правапарушэнні па арт. 18.35 КоАП (пашкоджанне або забруджванне аўтамабільнай дарогі альбо іншага дарожнага збудавання). Абаронцы Курапатаў атрымалі штраф за тое, што яны „ў паласе адводу аўтамабільнай дарогі Н-9031 Калодзішчы — Заслаўе выконвалі работы па самавольнай устаноўцы крыжоў у колькасці 13 штук без неабходных узгадненняў”.
З 31 мая штодня каля Курапатаў праходзяць акцыі супраць працы рэстарана „Паедзем паядзім”. У цэнтры ўрочышча 6 лістапада устаноўлены афіцыйны знак у памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 1930—1940-х гадоў. Ён уяўляе сабой драўляную канструкцыю на чатырох апорах ржавага адцення, да якой падвешаны звон.
Адзначым, што падчас традыцыйнага мітынга на Дзяды ў Курапатах 28 кастрычніка адказны сакратар КХП-БНФ Алесь Чахольскі паведаміў, што, паводле яго інфармацыі, пасля ўстаноўкі мемарыяла ўлады плануюць перадаць тэрыторыю Курапатаў у падпарадкаванне Міністэрству культуры, а затым прыбраць адтуль шматлікія драўляныя крыжы. Выканаўца абавязкаў старшыні партыі Юрась Беленькі заявіў, што ў канцы кастрычніка яму патэлефанавалі з ідэалагічнага аддзела Менаблвыканкама і папярэдзілі аб адказнасці ў выпадку ўстаноўкі новых крыжоў.