“За вела-Берасце” збірае подпісы пад петыцыяй



Польскія грамадзяне падтрымалі кампанію “Раварысты без межаў ” і пакінулі свае подпісы за адкрыццё веларуху на памежным пункце пропуску “Берасце”.

Падпісныя лісты будуць накіраваныя ў Міністэрства замежных спраў Польшчы, Памежны камітэт і кіраўніку Люблінскага ваяводства. Усяго на тэрыторыі Польшчы ў шасці гарадах цягам трох дзён было сабрана каля тысячы подпісаў.

Каардынатар кампаніі “За вела-Берасце”, адзін з арганізатараў збору подпісаў Уладзімір Красько лічыць наведванне краіны-суседкі ўдалым:

– Кампанія “За вела-Берасце” наведала шэсць гарадоў Люблінскага ваяводства. Мы раздалі пяць тысяч улётак з заклікам падпісвацца пад электроннай петыцыяй, каб раварысты маглі перамяшчацца праз мяжу ў пункце пропуску “Варшаўскі мост”. Варта адзначыць, што людзі падпісваліся надзвычай ахвотна, што людзі выказвалі сваю падтрымку, у тым ліку гэта былі прадстаўнікі бізнеса, гарадской улады.

Актывісты наведалі такія гарады, як Бяла-Падляска, Менджынец-Падляскі, Любартаў, Люблін. Грамадскія дзеячы таксама плануюць арганізаваць роварны прабег, велафорум, сустрэчы з прадстаўнікамі польскіх уладаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце