За выдалены фельетон – 870 рублёў штрафу
У Докшыцах 4 жніўня адбыўся суд над журналістам-фрылансерам з Глыбокага Змітром Лупачом.
Праўда, на судовым пасяджэнні журналіст сам не прысутнічаў, бо знаходзіцца за мяжой. На гэты суд увогуле завітаў толькі адзін чалавек, яго выклікалі туды ў якасці сведкі. Гэта блогер і краязнаўца з Докшыцкага раёна Кастусь Шыталь.
Як зазначыў Кастусь Шыталь, суд доўжыўся прыкладна 25 хвілін:
– Хоць Зміцер не прысутнічаў, ён быў прызнаны вінаватым у вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі без акрэдытацыі. І суд пастанавіў аштрафаваць яго на трыццаць базавых велічынь.
Па словах Кастуся Шыталя, тэлеканал “Белсат” фельетон выдаліў з YouTube, але міліцыянты ўсё ж паспелі яго запісаць і прад’явілі ў якасці доказу на судзе:
– Фельетон называўся “Дуб, які ўсіх перастаяў”, але ж яго “Белсат” выдаліў, таму што мала праглядаў было.
Суддзя Дзяніс Корсак на гэты раз палічыў Змітра Лупача вінаватым і пакараў яго штрафам. Раней падобную справу сёлета ў траўні ў дачыненні да журналіста гэты суддзя спыніў за недаказанасцю.
Нагадаем, сёлета гэта быў ужо дзявяты суд над глыбоцкім журналістам-фрылансерам Змітром Лупачом за супрацу з тэлеканалам “Белсат”. Апошнім часам суды яго каралі 30-цю базавымі велічынямі – самым вялікім штрафам, які зараз магчымы па артыкуле 23.5 КаАП.
Беларускае Радыё Рацыя