За выпадковую сустрэчу ў Дзень волі – 35 сутак на траіх



У віцебскім судзе Кастрычніцкага раёна асудзілі трох чалавек, якія апынуліся 25 сакавіка каля помніка князю Альгерду. У міліцэйскім пратаколе было напісана, што ў гэтым месцы раней праходзілі несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы. І таму ўсе, хто набліжаўся да помніка, падаваліся  супрацоўнікам міліцыі падазронымі. Сёлета ніякай грамадскай актыўнасці там не назіралася, але міліцыянты заўважылі непадалёк актывіста Партыі БНФ Кастуся Смолікава.

 Ён патлумачыў, што чакаў свайго сябра Аляксандра Вендта:

– Каб мы хацелі правесці несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, мы б яго правялі. Але насамрэч мы сабраліся з сябрам, каб выпіць кавы ці піва. Да нас падышлі міліцыянты, праверылі дакументы і забралі ў міліцыю нібыта праверыць, ці няма нас у спісе людзей, якія расшукваюцца.

Абсалютна выпадкова ў міліцыі апынуўся  Іван Казлоў. Ён проста падышоў павітацца, кажа Аляксандр Вендт:

– Ён проста мой знаёмы, Косцю ён не ведаў. Ён ехаў з працы, і ён, бывае, корміць галубоў каля Ратушы. Не ўвесь час, але перыядычна.  І ён выйшаў з аўтобуса, убачыў нас і пайшоў да мяне павітацца. Міліцыянты і яго папрасілі пашпарт паказаць, і забралі нас у РАУС.

У пастарунку ў рэчах Аляксандра Вендта знайшлі бел-чырвона-белы сцяг, які ён нават не даставаў перад затрыманнем. А таксама заўважылі, што ягоны шалік таксама бел-чырвона-белы, са словамі “Жыве Беларусь!” – ён застаўся яшчэ з часоў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча. Гэтыя рэчы суддзя Уладзімір Царыкаў кваліфікаваў як атрыбуты несанкцыянаванага пікетавання. І пакараў усіх траіх арыштамі: Аляксандра Вендта на 13 сутак, Кастуся Смолікава на 12 сутак, Івана Казлова на 10 сутак.  Тыя трое сутак, што яны адбылі за кратамі пасля затрымання 25-га сакавіка, увойдуць у тэрмін зняволення.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск