За забойства трох чалавек два менчукі прыгавораныя да пажыццёвага



23-гадовы Вячаслаў Сухарка і 44-гадовы Аляксандр Жыльнікаў, абвінавачаныя ў забойстве трох чалавек, па сукупнасці злачынстваў прыгавораныя да пажыццёвага зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму і канфіскацыі маёмасці.

Трэці фігурант крымінальнай справы — 27-гадовая Аліна Шульганава — да 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Прысуд абвешчаны 6 сакавіка калегіяй па крымінальных справах Менскага гарадскога суда пад старшынствам Максіма Лапко.

Дзяржабвінаваўца Наталля Пятроўская прасіла суд прыгаварыць Сухарку і Жыльнікава да смяротнага пакарання, Аліну Шульганаву — да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Шульганава да затрымання працавала выхавацелькай у дзіцячым садку, да гэтага — галоўным спецыялістам у раённай арганізацыі БРСМ, яшчэ раней — у школе. Жыльнікаў родам з Тамбоўскай вобласці Расіі, раней двойчы судзімы. Сухарка раней не судзімы. Да затрымання абодва працавалі на пілараме.

Галоўны эпізод гэтай крымінальнай справы — забойства мужчыны і жанчыны ў кватэры на вуліцы Алібегава ў Менску 16 снежня 2015 года. Шульганава не магла змірыцца з тым, што яе былы сужыцель падтрымлівае блізкія адносіны з другой дзяўчынай. Нейкі час яны жылі ўтраіх, але потым Аліну выгналі. Яна вырашыла арганізаваць выкраданне суперніцы, спецыяльна для гэтага наняла чалавека, заплаціла яму ў некалькі прыёмаў 1.400 долараў і 9 млн недэнамінаваных рублёў, але выканаўца не выканаў свае абавязацельствы.

Пасля гэтага абвінавачаная замовіла свайму суседу Жыльнікаву і яго сябру Сухарку збіццё суперніцы, каб, пакуль тая будзе ў бальніцы, паспрабаваць вярнуць былога сужыцеля. Выканаўцы ў п’яным стане ўчынілі разбойны напад на кватэру ў доме па вуліцы Алібегава, дзе жылі маладыя людзі, і забілі іх абодвух, нанёсшы агульным лікам больш за 140 удараў нажом. Пасля гэтага забралі з кватэры ахвяр грошы і асабістыя рэчы і ўцяклі.

За збіццё Шульганава абяцала прыяцелям 5 млн недэнамінаваных рублёў: спачатку дала аванс, пасля ўчынення злачынства — расплацілася канчаткова.

Падчас расследавання двайнога забойства было ўстаноўлена, што 15 снежня абвінавачаныя ўчынілі разбойны напад у Калодзішчах (Менскі раён), каб завалодаць 10 тыс. долараў. Падчас нападу быў забіты 59-гадовы мужчына, у якога Сухарка раней арандаваў пакой.

Дзеянні Жыльнікава і Сухаркі кваліфікаваныя следствам па ч. 2 арт. 139 КК (забойства трох асоб з карыслівых меркаванняў), ч. 3 арт. 207 КК (разбой, учынены з мэтай завалодання маёмасцю ў асабліва буйным памеры), арт. 378 КК (крадзеж асабістых дакументаў). Заказніцы злачынства было выстаўленае абвінавачанне па ч. 4 арт. 16 і ч. 3 арт. 147 КК (арганізацыя прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека), ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 182 КК (падрыхтоўка да выкрадання чалавека).

Цалкам сваю віну прызнаў толькі Сухарка, астатнія фігуранты — часткова. Шульганава не прызнала сябе вінаватай у падрыхтоўцы да выкрадання чалавека. Шкадавала, што не паведаміла ў міліцыю пра ўчыненыя забойствы, прасіла не пазбаўляць яе волі. Жыльнікаў спрабаваў усю віну за забойства перакласці на Сухарку. Сваю віну ён прызнаў толькі ў тым, што дапамагаў хаваць сляды злачынстваў і не заявіў пра забойствы ў міліцыю.

Вынікі псіхолага-псіхіятрычных экспертыз, праведзеных у дачыненні да абвінавачаных у забойствах, устанавілі, што абодва яны былі пры свядомасці. Пры гэтым Сухарка мае псіхічныя адхіленні. У судзе ён паводзіў сябе неадэкватна — біўся галавой аб сцяну, прасіў расстраляць, за што быў выдалены з залы.

belapan.by

Фота tut.by