За запаленую свечку – 40 базавых велічыняў штрафу
Суддзя Глыбоцкага суда Людміла Вашчанка аштрафавала глыбачаніна Юрыя Татарыновіча на 1080 беларускіх рублёў па частцы 3 артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве).
Справа ў тым, што Юрый Татарыновіч 13 лістапада ўшанаваў памяць Рамана Бандарэнкі разам з іншымі глыбачанамі. Ён запаліў свечку ў памяць пра забітага каля “народнага мемарыяла” на цэнтральнай плошчы Глыбокага, насупраць райвыканкама.
У той дзень усе дзеянні глыбачанаў на відэа здымала міліцыя. Па звестках міліцыянтаў, Татарыновіч знаходзіўся на плошчы каля 15 хвілін, што цікава, і судовае пасяджэнне над ім адбывалася таксама каля 15 хвілін.
Па словах Юрыя Татарыновіча, ён не прызнае сябе вінаватым і не лічыць, што ён учыніў нейкае правапарушэнне:
– Таму што лічу, што гэтае мерапрыемства не было пікетаваннем. Гэта было памінанне чалавека, які бязвінна забіты, які з’яўляўся чыімсьці сынам, родзічам. І яго нахабна і гідка забілі. І гэта не першае забойства, якое адбываецца ў нашай краіне.
Юрый Татарыновіч – вядомы на Глыбоччыне, а таксама па-за межамі раёна прадпрымальнік, дырэктар прыватнага прадпрыемства “В Ажуре”, якое займаецца вытворчасцю каваных вырабаў.
Глыбоцкі суд яго карае ўжо другі раз за ўдзел у мірных акцыях падчас апошніх падзеяў у краіне.
Раней за ўшанаванне памяці Рамана Бандарэнкі і непадпарадкаванне міліцыі ўсё тая ж суддзя Людміла Вашчанка пакарала 17 суткамі арышту яшчэ аднаго глыбачаніна – фітнес-трэнера Аляксандра Шарабайку.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з асабістай старонкі Юрыя Татарыновіча ў vk.com і аўтара