За збор подпісаў слонімцаў выклікаюць у міліцыю



Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл пачалі збор подпісаў за адкліканне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь 7-га склікання Слонімскай выбарчай акругі № 58 Валянціна Семянякі. Першы збор адбыўся 1 верасня каля крамы «Еўраопт», другі збор подпісаў прайшоў 2 верасня каля крамы «Алмі».

Пасля першага збору подпісаў слонімцаў Віктара Марчыка і Алеся Масюка выклікалі ў Слонімскі РАУС, маўляў, за недазволены пікет. У аўторак, 2 верасня, збор подпісаў за адкліканне дэпутата адбыўся каля крамы «Алмі», дзе супрацоўнікі міліцыі з двух легкавых аўтамабіляў здымалі ўсё на відэакамеру.

А потым вечарам Віктару Марчыку, Алесю Масюку і Міхасю Сошку ўручылі позвы ў Слонімскі РАУС на 18 гадзін 3 верасня. Якраз у гэты час плануецца збор подпісаў у Слоніме каля крамы «Дабраном».

Супрацоўнікі міліцыі кажуць, каб збіралі подпісы за адкліканне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь 7-га склікання Слонімскай выбарчай акругі № 58 Валянціна Семянякі па хатах. Толькі, каб не было ніякіх пікетаў, мітынгаў і шэсцяў на вуліцы. Такі ім загад паступіў ад вышэйшага міліцэйскага начальства з Гародні і Менску.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім