За здымак суддзі Алене Гнаўк прысудзілі штраф
Пенсіянерка Алена Гнаўк з вёскі Ткачы Пружанскага раёна пакарана суддзёй суда Ленінскага раёна Берасця Дзмітрыем Шурыным штрафам у 87 рублёў, што складае 3 базавыя велічыні за аматарскі здымак суддзі Дзмітрыя Куроўскага, зроблены жанчынай у момант агалошвання ёй прыгавору за абразу Аляксандра Лукашэнкі.
Гэты вырак пенсіянерка, у якой пасля вылічэння ранейшых штрафаў застаецца палова невялікай пенсіі, успрыняла нават з палёгкай, кажа Алена Гнаўк:
– Я думала, што атрымаю 20. Суддзя Дзмітрый Шурын спытаў, ці я выдаліла гэты фотаздымак. Я сказала праўду: канешне, не, я пакінула яго для гісторыі. Спытаў: ці выкладала ў сацыяльныя сеткі. Кажу, што падзялілася з сябрамі.
Насамрэч Алена Гнаўк лічыць, што гэтай справы наогул не павінна было быць. Па словах Алены Гнаўк, у цяперашнім судзе няма сэнсу абскарджваць рашэнне. А вось скарга на непрафесіяналізм суддзі Дзмітрыя Куроўскага будзе абавязкова даслана ў вышэйшыя інстанцыі.
Той здымак суддзі Дзмітрыя Куроўскага.
Нагадаем, што 64-гадовая Алена Гнаўк ужо адбывае трохгадовае пакаранне “дамашняй” хіміяй за танец у карагодзе на вуліцы Берасця і за абразу Лукашэнкі.
Беларускае Радыё Рацыя