За «Жыве Беларусь!» берасцейца арыштавалі на тры месяцы



27 красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Берасця разглядзелі справу Паўла Фалькоўскага, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па артыкуле 341 «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці». Судовае пасяджэнне ўзначаліла Марыя Аліферук.

Вядома, што пад арыштам абвінавачваны знаходзіцца з 22 лютага 2022 года – тым жа днём яго і затрымалі. Напярэдадні, уначы з 21 на 22 лютага, пры дапамозе балончыка з фарбамі Павел пакінуў на сценах гарадскіх збудаванняў некалькі надпісаў.

На адным з аўтобусных прыпынкаў напісаў «Жыве Беларусь», на сцяне апорнага пункта міліцыі ў мікрараёне «Кавалёва» – абрэвіятуру «ACAB». На ангельскай мове яна расшыфроўваецца як «All Cops Are Bastards». У перакладзе – «усе копы ўблюдкі». Звычайна гэтую абрэвіятуру ў якасці лозунгу выкарыстоўваюць заходнія дысідэнты, якія выступаюць супраць паліцыі. На балконе і фасадзе яшчэ аднаго будынка абвінавачаны напісаў нецэнзурную фразу. Якую дакладна – на судзе не ўдакладнялася.

Пасля здзяйсненння злачынства Паўла знайшлі і арыштавалі праз некалькі гадзін. Да суда абвінавачанага ўтрымлівалі ў Берасцейскім СІЗА.

Вядома, што на судовым пасяджэнні мужчына цалкам прызнаў сваю віну.

27 красавіка суд Маскоўскага раёна Берасця хутка разглядзеў справу Паўла Фалькоўскага і прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні злачынства па артыкуле 341 «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці», прысудзіўшы абвінавачанаму тры месяцы арышту. Менавіта такое пакаранне для яго і запытваў бок дзяржабвінавачання.

spring96.org