За змяненне меры стрымання палітзняволенай Марфы Рабковай паручыўся 201 чалавек



За змяненне меры стрымання палітзняволенай Марфы Рабковай паручыўся 201 чалавек.

Праваабаронца і каардынатарка Валанцёрскай службы „Вясны” была затрымана 17 верасня і дагэтуль не вызвалена. Сярод тых, хто падпісаў паручальніцтва — дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольга Смалянка:  

– Мяне вельмі непакоіць ціск на чалцоў арганізацыі грамадзянскай супольнасці і на праваабаронцаў. Напрыклад, мы мелі суд над выканаўчай дырэктаркай “Экадома”, якой прысудзілі 12 сутак. Да гэта былі затрыманні іншыя сяброў арганізацыі грамадзянскай супольнасці. Праваабаронцы заўсёды знаходзяцца ў такой уразлівай сітуацыі. Яны абараняюць правы іншых, і яны вельмі проста могуць апынуцца ў такой самай сітуацыі, калі іх трэба абараняць.

Вольга Смалянка

Паручаліся за Марфу Рабкову і тыя, хто не сустракаўся з ёй асабіста, але ведае яе праз яе праваабарончую дзейнасць:

– Гэта мая грамадзянская пазіцыя – дапамагчы тым, каго незаконна прызналі вінаватым. Трэба рабіць добрыя справы, якія дапамагаць шмат якім людзям, дапамагаюць грамадству.

– Мне было вельмі крыўдна і балюча даведацца, што чалавек, які аддаваў усю сябе на дапамогу людзям, была затрыманая, па сутнасці, ні за што.

– Я лічу, што такіх людзей трэба падтрымліваць усімі магчымымі спосабамі, якія ў нашых сілах, і я лічу, гэта нашым абавязкам.

Марфа Рабкова працавала з моладдзю, каардынавала незалежнае назіранне за мірнымі сходамі і дапамагала палітвязням. Зараз жа яна сама з’яўляецца палітзняволенай, бо была затрымана ў межах крымінальнай справы па частцы 3 артыкула 293 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках).

Беларускае Радыё Рацыя