Забарона абортаў у Беларусі: за і супраць
Магчымае ўвядзенне поўнай забароны на аборты ў Польшчы выклікала гарачую дыскусію сярод беларусаў. У сацыяльнай сетцы Фэйсбук разгарэлася спрэчка паміж прыхільнікамі забароны абортаў і праціўнікамі радыкальных мераў. Блогер і пісьменніца Югася Каляда лічыць, што забароны могуць выклікаць павелічэнне смяротнасці сярод жанчын.
– Юрыдычна, на ўзроўні дзяржавы, забараняць аборты ні ў якім разе нельга. Хаця б толькі з адной нагоды . Калі мы дбаем пра карысць для грамадства, то забарона выкліча большую колькасць смерцяў, чым адмова ад іх. Бо спароны адразу крыміналізуюцца, перанясуцца ў сферу забароненага. І адразу пачнуцца смерці жанчынаў, якія робяць сабе нелегальна аборты.
Паводле статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі ў арганізацыях, якія праводзілі аборты, з 2006 года не было ніводнага выпадку смерці ў выніку легальных абортаў ці мініабортаў.
Блогер і маці двух дзяцей Алёна Германовіч гаворыць, што ў бліжэйшы час не варта чакаць увядзення забароны на аборты ў Беларусі.
– У адрозненне ад Польшчы, нашая краіна – атэістычная. А Польшча – хрысціянская. Таму для мяне не дзіўна, што там могуць увесці такі закон.
Паводле Алёны Германовіч, у Беларусі варта было б таксама ўвесці абмежаванні на аборты.
– Жыццё пачынаецца з моманту зачацця. Для мяне дзіўна, што ёсць нейкі адлік з 12 тыдня, ці з 22, ці 32. А да 12 тыдня – гэта што? Плод каго? Макакі, ці шымпанзэ, ці каня, ці чарвяка… Мне падаецца, гэта ўсё роўна чалавек, толькі на асобнай ступені свайго развіцця. І гэты чалавек мае сваю душу і сэрца. І калі хтосьці гэтага не разумее, то мусіць паклапаціцца дзяржава пра сваіх грамадзян, хай яны і знаходзяцца яшчэ ва ўлонні маці.
Югася Каляда гаворыць, што варта ўздымаць на ўзроўні грамадства тэму абортаў.
– Калі ўзяць маральны аспект, то бок, можна рабіць аборты ці нельга? Кепска іх рабіць ці не? На якім тэрміне? Хто мае права вырашаць? Гэтыя дыскусіі трэба ўздымаць у грамадстве. Бо гэтыя пытанні для нас новыя і няма адзназначнага адказу на іх. Паглядзіце ў сацыяльнай сетцы ў “Фэйсбуку”, як некаторыя людзі пачалі хвалявацца і выказваць розныя меркаванні, якія прывялі нават да распальвання варажнечы.
Югася Каляда задаецца пытаннем, што больш гуманна. Калі жанчына ідзе на выношванне цяжарнасці, ведаючы пра паталогіі плода. У гэтым выпадку ў жанчыны ўвесь гарманальны цыкл заканчваецца натуральным чынам – то бок родамі. Але не факт, што дзіця з паталогіямі будзе жыць доўга. Ці больш гуманна ўсё-такі зрабіць спарон на ранніх стадыях і не даводзіць хваробу дзіця да таго моманту, калі ён пачне ўсведамляць і адчуваць боль.
Паводле Алёны Германовіч, трэба абараняць яшчэ ненароджаных дзяцей, бо яны не могуць самі папрасіць аб дапамозе.
– Калі маці робіць забойства ці збіраецца яго зрабіць, то, можа, варта, каб нейкія інстытуты ці дзяржава паклапаціліся аб абароне і захаванні жыцця гэтага дзіця, якое само не можа папрасіць аб гэтым.
У Беларусі за апошнія 25 год колькасць перарывання цяжарнасці ў выніку абортаў і вакуумаў знізілася ў 8 разоў. У 1991 годзе ў краіне налічвалася больш за 235 тысячаў абортаў, уключаючы вакуумы. У 2015 годзе, паводле статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, колькасць спаронаў і мініабортаў знізілася да 29 тысячаў.
Поўную версію праграмы „Мы бачым” слухайце ў далучаным файле:
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя
Фота molodostivivat.ru