Забарона на наведванне лясоў уведзена ў 9 раёнах Беларусі
Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі. У краіне на гэтым тыдні ўстанавілася гарачае надвор’е з тэмпературным рэжымам вышэй за кліматычную норму, што і абумовіла павышэнне ўзроўню пажарнай бяспекі.
Фота: pravo.by
Абмежаванні дзейнічаюць у Менскім раёне і ў 8 раёнах Гомельскай вобласці (Кармянскім, Чачэрскім, Веткаўскім, Добрушскім, Гомельскім, Рэчыцкім, Лоеўскім і Брагінскім).
Рашэнні па ўвядзенні і зняцці забароны на наведванне лясоў прымаюцца мясцовымі органамі ўлады па хадайніцтве лесагаспадарчых устаноў або раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях. На сайце Мінлясгаса размешчана інтэрактыўная карта, па якой можна адсочваць увядзенне і зняцце абмежаванняў у сваім рэгіёне. Карта аператыўна абнаўляецца.
Для ліквідацыі лясных пажараў у Мінлясгаса маюцца 257 пажарна-хімічных станцый, а таксама 660 пунктаў супрацьпажарнага інвентару, якія ўкамплектаваны неабходнай колькасцю сродкаў пажаратушэння. Выкарыстоўваюцца 545 пажарных аўтамабіляў, больш за 360 бочак для падвозу вады, 355 лесапажарных модуляў для аператыўнага тушэння, 1803 мотапомпы і 12,6 тысячы ранцавых апырсквальнікаў, больш за 1 тысячу глебаапрацоўчых прылад для пракладкі мінералізаваных палос. Для ранняга выяўлення лясных пажараў створана сетка з больш чым 620 пажарна-назіральных вышак і мачтаў, з іх звыш 530 абсталяваны сродкамі відэаназірання, нагадалі ў Мінлясгасе.