Забарона на наведванне лясоў знята ў 14 раёнах Беларусі



У краіне захоўваецца пераважна трэці-чацвёрты клас пажарнай небяспекі. Мінлясгас адсочвае становішча і па меры стабілізацыі сітуацыі ініцыюе зняцце забарон на наведванне лясоў. На дадзены момант забарона знята ў 14 раёнах краіны. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

Гэта пяць раёнаў Гарадзенскай вобласці (Воранаўскі, Іўеўскі, Ашмянскі, Смаргонскі, Астравецкі), два раёны Менскай (Нясвіжскі і Слуцкі), пяць — Гомельскай (Калінкавіцкі, Мазырскі, Жлобінскі, Петрыкаўскі і Буда-Кашалёўскі) і два — Магілёўскай вобласці (Бабруйскі і Кіраўскі ). На сайце Мінлясгаса размешчана інтэрактыўная карта, па якой можна адсочваць зняцце абмежаванняў у сваім рэгіёне. Рашэнні па ўвядзенні і зняцці забароны на наведванне лясоў прымаюцца мясцовымі органамі ўлады па хадайніцтве лесагаспадарчых устаноў або раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях.

З пачатку года ў Беларусі адбылося 317 лясных пажараў (толькі за 1 мая — шэсць узгаранняў). Іх агульная плошча склала звыш 1,2 тысячы гектараў. Пры гэтым у статыстыцы не ўлічаны яшчэ тры буйныя пажары, плошча якіх удакладняецца, адзначылі ў прэс-службе. Найбольш складаная сітуацыя склалася ў Брэсцкай вобласці. У гэтым рэгіёне з пачатку года адбылося 125 лясных пажараў.

zviazda.by