Забег як спосаб выказаць сваё меркаванне



Не проста бегаць, але пры гэтым выказваць і свае меркаванні. Так вырашыў аматар бегу, прававы інспектар незалежнага прафсаюзу РЭП з Маларыты Уладзімір Малей.

Ён знайшоў спосаб адкрыта агучваць сваю пазіцыю па тых ці іншых пытаннях. Да прыкладу, ў 2013 годзе, патрабуючы вызвалення Алеся Бяляцкага, ён бегаў у кашульцы з выявай праваабаронцы. Таксама бегаў за вызваленне Андрэя Саннікава ды іншых палітвязняў. Цяпер жа прысвяціў свой забег стагоддзю абвяшчэння незалежнасці БНР:

— Мы з Аляксандрам Сахаруком, сябрам прафсаюза, падрыхтаваліся да гэтага. Зрабілі кашулькі, на якіх спераду было напісана “100 год БНР”, а ззаду – “Жыве Беларусь!” І вырашылі так, што Сахарук бяжыць з прафсаюзным сцягам, а я – з бел-чырвона-белым.

Сам жа забег “Памяць”, які прайшоў у Берасці, і ў якім удзельнічалі актывісты, быў прысвечаны памяці берасцейцаў, што загінулі ў Афганістане. У забегу ўзялі ўдзел каля 400 чалавек. Дарэчы, Аляксандр Сахарук сам з’яўляецца “афганцам”.

Уладзімір Малей прыгадвае выпадак, калі яго выклікалі ў міліцыю за ягоныя забегі, але парушэнняў ніякіх не знайшлі:

— Патэлефанаваў участковы з Ленінскага РАУС горада Берасця. Кажа трэба сустрэцца. Ён мне расказаў, што паступіла заява з берасцейскай міліцыі, што трэба правесці праверку, пачалі адміністрацыйную справу. Я прыйшоў да ўчастковага, а ён мне кажа, што перагледзеў усю юрыдычную літаратуру і не знайшоў, што бягучы чалавек парушае закон аб масавых мерапрыемствах, і спыніў справу.

Уладзімір Малей мае 67 гадоў і знаходзіцца ў добрай фізічнай форме. Кажа, што бліжэйшым часе плануе паўдзельнічаць у паўмарафоне на 9 мая.

Цалкам гутарка з Уладзімірам Малеем – у далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belsat.eu