Забойствы ад імя дзяржавы працягваюцца
Нягледзячы на звароты праваабаронцаў і прадстаўнікоў беларускай і міжнароднай супольнасці, практыка выкарыстання смяротнага пакарання ў Беларусі працягваецца, – кажа каардынатар кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.
Праваабаронца адзначае, што ў Беларусі ў 2016 годзе ўжо вынесены першы смяротны вырак – у адносінах да Генадзя Якавіцкага, жыхара Вілейкі, які забіў сваю сужыцельніцу. Акрамя гэтага, вырашэння свайго лёсу чакаюць яшчэ два чалавекі, прыгавораныя да смяротнага пакарання: Сяргей Іваноў з Рэчыцы, які вельмі жорстка забіў дзяўчыну, і Іван Кулеш, забойца 3 жанчын – прадаўцоў у Лідзе і Лідскім раёне. „Што датычна Івана Куляша, на днях стала вядома, што 2 лютага ў Вярхоўным судзе будзе разглядацца яго касацыйная скарга. І літаральна некалькі дзён таму ён быў этапаваны з Гародні, дзе ён знаходзіўся ўвесь час пасля вынясення смяротнага прысуду, у следчы ізалятар №1 на вуліцы Валадарскага,” – распавёў Андрэй Палуда. Трэба адзначыць, што менавіта ў гэтым ізалятары і выконваюцца смяротныя прысуды.
Па словах юрыста, былога суддзі Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь Міхаіла Пастухова, „ужо даўно настаў час спыніць гэтую нецывілізаваную практыку і адмяніць смяротнае пакаранне як выключную меру пакарання. Гэта дазволіць Беларусі ўвайсці ў еўрапейскую цывілізаваную сям’ю народаў, дзе забяспечана права на жыццё. А выкарыстанне смяротнага пакарання азначае, што дзяржава ігнаруе галоўнае права чалавека – права на жыццё. Яно хоча па-ранейшаму распараджацца лёсам людзей і па-ранейшаму ставіцца да людзей як да сваіх падданых, рабоў. Улада не дае грамадству развівацца і рушыць далей. Але нам небходна, і па хрысціянскіх традыцыях, і па прыкладу іншых еўрапейскіх цывілізаваных краінаў, адмовіцца ад смяротнага пакарання і прызнаць, у рэшце рэшт, права чалавека на жыццё. Іншая справа, што гэты чалавек, злачынца, заслугоўвае асуджэння, заслугоўвае цяжкага, строгага пакарання. Але ўсё ж дзяржава не мае права па міжнародных стандартах і па Канстытуцыі, забіваць сваіх грамадзянаў”.
І ўсё ж, па меркаванню Міхаіла Пастухова, грамадства Беларусі паступова, год за годам ідзе па эвалюцыйнаму шляху. „У людзей, асабліва ў моладзі, я ведаю гэта па студэнтах, – кажа Міхаіл Пастухоў, – расце ўсведамленне, што надыйшоў час адмовіцца ад смяротнага пакарання. Ці хаця б увесці мараторый, як першы крок. Але прычына, я перакананы, у тым, што ўлада Беларусі не жадае выконваць сваіх абавязкаў перед грамадзянамі. У тым ліку не жадае забяспечыць правы чалавека і галоўнае права – права на жыццё. Людзі Беларусі, думаю, з радасццю ўвойдуць у еўрапейскую сям’ю народаў. А вось дзеючая старая ўлада не хоча ў Еўропу, таму што прыйдзецца выконваць шмат іншых абавязацельстваў. Трэба будзе забяспечваць не толькі права на жыццё, але і права на свабоду выказвання меркаванняў, права свабодна выбіраць і быць выбраным, права на правядзення мітынгаў, дэмантрацыяў, шэсцяў, забяспечыць свабоду прадпрымальніцкай дзейнасці, права на дастойныя заробкі і пенсія – па еўрапейскіх стандартах, адкрыць турмы і калоніі для грамадскага кантроля. На ўсё гэтае і на шмат іншых зменаў улады Беларусі пайсці не здольны. Вось у гэтым галоўны тормаз адмены смяротнага пакарання,” – лічыць Міхаіл Пастухоў.
Мечыслаў Грыб, былы кіраўнік Вярхоўнага Савету Беларусі, генерал міліцыі, даўно вырашыў, як ставіцца да смернага пакарання. „Калі праваабаронцы збіралі подпісы супраць смяротнага пакарання, яны, у знак гонару, прапанавалі ці даручылі мне паставіць першы подпіс. І я падпісаў гэты зварот, – кажа Мечыслаў Грыб. – Ні дзяржава, ні суд не даюць чалавеку жыцця. А гэта значыць, што яны не маюць права і забіраць гэтае жыццё ў чалавека. І гэта даўно ўжо ўсведамілі сабе ўсе еўрапейскія дзяржавы і народы. Смяротнае пакаранне ў Еўропе не прымяняецца нідзе, акрамя Беларусі. Не трэба ж лічыць, што мы, беларусы, дакладней, беларускія ўлады, такія разумныя, разумней за ўсе еўрапейскія дзяржавы, і таму так упарта прытрымліваюцца сваей пазіцыі адносна смяротнага пакарання. Тады ўзнікае і іншае пытанне – калі мы такія вельмі дасціпныя і разумныя больш іншых, то чаму мы жывем горш за ўсіх у Еўропе. Калі мы такія разумныя, то павінны бы і жыць лепш за іншых. А гэтага няма…
Не спраўджваюцца і запалохванні, што адмена смяротнага пакарання прывядзе да росту цяжкіх злачынстваў. У краінах, дзе яно было адменена, ніякага ўсплеску забойстваў не адбылося. Галоўнае ў барацьбе са злачыннасццю – гэта не цяжкасць пакарння, а яго непазбежнасць,”- нагадаў Мечыслаў Грыб.
І яшчэ адзін важкі аргумент супраць смяротнага пакарання – яго незваротнасць. „Падчас следства і суду здараюцца памылкі. Усё можна выправіць, неяк кампенсаваць, калі чалавека неабгрунтавана, незаконна пакаралі няволяй ці нейкімі абмежаваннямі і штрафамі. А вось калі чалавека прысудзілі да смяротнага пакарання і гэты прысуд прывялі ў выкананне, то адмяніць ці неяк выправіць яго немагчыма. І ў гэтым уся трагедыя,” – кажа Мечыслаў Грыб.
У сваю бытнасць кіраўнікам міліцыі Віцебскай вобласці Мечыслаў Грыб узначаліў расследаванне справы ман’яка Міхасевіча, які працяглы час забіваў жанчын у Віцебскай вобласці. Падчас следства высветлілася, што па гэтай справе было асуджана 14 невінаватых грамадзянаў. 13 з іх былі вызвалены з месцаў зняволення. „Зразумела, яны моцна пацярпелі, намучыліся. Але засталіся жывыя. А чатырнаццаты, жыхар Полацку Тярэня, быў прыгавораны да смяротнага пакараня і расстраляны. І маці не аддалі нічога, ні рэчы, ні труп. Як гэта і зараз у нас водзіцца. Нічога не аддаюць. Быў чалавек і няма чалавека. Ні памяці няма, ні магілы няма, нічога няма. Якія ж тут дзяржаўныя інтарэсы, калі гэта проста не па-людску”, – кажа Мечыслаў Грыб.
Генадзь Барабраыч, Беларускае Радыё Рацыя.
Матэрыял у гукавым фармаце: