Забойствы АМАПам далёка не першыя. Віцебск, 28 гадоў таму



Фота з Фота з газеты «Народнае слова», 7 лютага 1992 г.

Смерць Рамана Бандарэнкі выклікала грамадскае абурэнне, але для віцяблянаў старэйшага веку гэта яшчэ й успаміны з 1990-х. 25 студзеня 1992 г. пасля затрымання АМАПаўцамі лекары канстатавалі смерць другакурсніка медычнага ўніверсітэта Аляксандра Баранава. Напярэдадні вечарам ён сустрэўся з сябрамі ў рэстарацыі, а потым кампанія з пяці чалавек выйшла на вуліцу і трапіла пад увагу АМАПаўскага патруля. Аляксандр Баранаў кінуўся ўцякаць, міліцыянты пагналіся за ім… 

Пра наступствы смяротнай пагоні распавёў  віцебскі краязнаўца, журналіст інтэрнэт-выдання  “Витебский курьер news“ Сяргей Марціновіч:

– Ён быў забіты міліцэйскімі, амонаўскімі палкамі, па спіне яму нанеслі 4 удары, ад якіх ён памёр. 27 студзеня было пахаванне, шмат людзей тады выйшла на вуліцы, з плакатамі “Каго бароніш, АМАП?”, “Забойцаў – да адказу!”, “На ягоным месцы мог быць кожны”. Былі пікеты каля аблвыканкама.”

Пратэстамі супраць міліцэйскага гвалту віцябляне тады не абмежаваліся: былі і палітычныя, і эканамічныя патрабаванні.

Фота з газеты «Выбар», 19 лютага 1992 г.

Міліцыя спрабавала апраўдацца  маўляў,  у Аляксандра Баранава, які памёр ад удару па сэрцы і ўнутранага крывацёку, былі праблемы са здароўем, і гэта яны справакавалі смерць хлопца… Пра забойства віцебскага студэнта ў горадзе памятаюць і дагэтуль, але і да сёння няма афіцыйнай інфармацыі, якім чынам пакаралі вінаватых і ці пакаралі ўвогуле.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск