Забытыя ахвяры 2-й сусветнай вайны ў Беларусі
З 8 па 12 ліпеня гэтага года Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханэса Рау праводзіць штогадовую міжнародную школу-экспедыцыю па вуснай гісторыі, прысвечаную даследаванню тэмы Другой сусветнай вайны і захаванню памяці пра яе.
Удзельнікі міжнароднай школы-экспедыцыі па вуснай гісторыі
Асноўная тэматыка даследавання – стратэгія выжывання падчас вайны, злачынствы супраць чалавечнасці і забытыя ахвяры вайны.
Удзельнікі школы-экспедыцыі больш паглыблена пазнаеміліся з методыкай збору вуснагістарычных матэрыялаў, аналізу крыніц. Атрымалі практыку працы з асобамі, траўмаванымі вайной.
Выбарка сведак часу для запісу іх інтэрв’ю прадугледжвала работу з рознымі катэгорыямі ахвяр вайны, якія зараз пражываюць у сталіцы і якія сталі відавочцамі трагічных падзей акупацыі Беларусі.
Сярод рэспандэнтаў: былыя вязні гета і канцлагераў (Азарычы, Маўтхаузен, Лінц і інш.), ваеннапалонныя і інш.
Кацярына Віктараўна Ліпніцкая, 1937 г.н., мае класічны досвед вайны: яе разам з бацькам і старэйшай сястрой Стасяй у 1943 годзе затрымліваюць немцы. Іх з некалькімі жыхарамі вёскі Антонава Ушацкага р-на Віцебскай вобл. прывезлі спачатку ў Лепель, адтуль у Віцебск і канчатковай кропкай назначэння стаў Асвенцім (Аўшвіц).
Сям’я патрымлівала цесную сувязь з партызанамі і, спрабуючы націснуць на бацьку, у адосінах Кацярыны прымяняўся фізічны здзек у Лепельскім лагеры.
Са слоў рэспандэнткі, яны да апошняга верылі, што іх выратуюць партызаны. У Віцебску гэта надзея канчаткова прапала.
Паласатая вопратка Асвенціма – гэта было самае жахлівае для дзяўчыны. Нават нарадзіўшы сваіх дзяцей пасля вайны, не магла бачыць паласатае адзенне, бо ёй рабілася дрэнна. У Асвенціме для многіх смерць успрымалася як шчасце.
З траіх чалавек жывой засталася толькі Кацярына, бо яе праз некаторы час накіравалі ў Патуліцы. У гэтым лагеры дзеці працавалі па 12 гадзін. Кармілі мала: шклянка вады і луста хлеба. Дзяцей ставілі па два чалавекі і кожны павінен быў браць порцыю са свайго боку. Аднаму хлопчыку падалося, што суседні кавалак хлеба большы і ён ўзяў яго.
Канвой, у мэтах выхавання, расстраляў яго перад усімі.
Самым вядомым рэспандэнтам, запісаным падчас экспедыцыі, стаў Арон Бельскі.
Пазней сабраны матэрыял будзе размешчаны ў архіве сведак Гістарычнай майстэрні і БАВГ, а таксама выкарыстаны для дыдактычных мэтаў музейнай педагогікі Беларусі.
Ганна Шарэнда, Беларускае Радыё Рацыя