Забытыя праекты помнікаў расстраляным у СССР



23 жніўня – Еўрапейскі дзень памяці ахвяраў нацызма і сталінізма. Гэты дзень не адзначаецца ў Беларусі на дзяржаўным роўні. Праца па ўшанаванні памяці вядзецца толькі на роўні грамадзянскай супольнасці.

Напрыканцы 80-ых -пачатку 90-ых сітуацыя была іншая, як у Менску, так і ў рэгіёнах.  

У красавіку 1989 года ў Воршы пры гарадскім камітэце партыі была створаная камісія па рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій і аднаўлення справядівасці ў адносінах да іх.   

Праца камісіі праходзіла ў адпаведнасці з пастановай бюро ЦК Кампартыі Беларусі ад 11 лістапада 1988 года.

Камісія па рэабілітацыі мусіла “супольна з грамадскімі арганізацыямі і органамі грамадскага самакіравання аказваць неабходную дапамогу рэабілітаваным у ажыццяўленні іх правоў і інтарэсаў, а таксама ў стварэнні помнікаў ахвярам рэпрэсій, утрыманні ў належным парадку месцаў іх пахавання”.

Рэдакцыя аршанскай газеты «Ленінскі прызыў» (пасля „Аршанская газета”) мусіла інфармаваць насельніцтва горада пра  працу камісіі ў перыяд аднаўлення справядлівасці ў адносінах да ахвяраў рэпрэсій.

У ліпені 1991 года праекты помнікаў расстраляным у Воршы ахвярам сталінізму былі зацверджаныя Аршанскім гарвыканкамам.

Аўтары праектаў Ігар Голубеў і Мікалай Сморчак.

Адзін з помнікаў планавалі усталяваць на Кабыляцкай гары, другі па Магілёўскай шашы – у Харкаўскім лесе.

Фотаздымкі праектаў былі надрукаваныя ў газеце „Ленінскі прызыў” („Аршанская газета”). 

У выніку – адзін  помнік – чырвоны валун – камень з Дняпра быў усталяваны грамадскасцю  на Кабыляцкай гары, а ў Харкаўскім лесе – нічога так і не паставілі.  

Мемарыяльны камень на месцы масавых расстрэлаў на Кабыляцкай гары ў Воршы, ліпень 2017

Планы па ўшанаванні ахвяраў сталінізму 1991 года не былі рэалізаваныя – улада ў Беларусі змянілася.

Беларускае Радыё Рацыя