“Зачараваны” дом у пасёлку Крупаўскі



Жыхарам двухтысячнага пасёлка Крупаўскі, што на Меншчыне, добра вядомая даўно нерамантаваная хаціна на вуліцы Пушкіна, 35. Яна месціцца ў некалькіх дзесятках метраў ад чыгуначнай станцыі – ў цэнтры мястэчка. Адна палова пафарбаваная ў сіні колер, другая – ў зялёны. Роўна 38 год споўнілася, як жыве ў “зялёнай” 68-гадовая Клаўдзія Іванаўна Гусеўская, тут прапісаная, але не плацячы ані капейкі за пражыванне. І не проста на птушыных правах – “не ўлічаная” ані ў адным чыноўніцкім кандуіце, ані ў адной бюракратычнай установе. Прычым, сама лічыць, што з зачараванага кола ёй ужо не вырвацца да скону. Як такое магло здарыцца?! Разбіраўся ў размове з кабетай карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя.

– Жыву тут, прапісаная, але пашпарта на гэты дом няма. Рамонт ніхто не робіць. Вокны сама паставіла, дах накрыла. Звярталася да Часновіча – старшыні выканкама. Сказала, што буду скардзіцца ў Адміністрацыю прэзідэнта. Мне адказалі: “Пішыце куды хочаце, марна”. У судзе сказалі ісці да адваката. Ён мне патлумачыў, што мне ніхто не дазволіць прыватызаваць палову дома.  Не значыцца яна нідзе. І дапамогі няма – што хочаш, то і рабі.

Жыхары пасёлка расказалі нашаму карэспандэнту, што ў часе апошняй сустрэчы з кіраўнікамі Крупаўскага раёна задалі ім пытанне пра будучыню бядовай аднавяскоўкі. У адказ пачулася – маўляў, свабодных жылплошчаў у Крупаўскім няма. Рэпліка з залы – “што ж збіраецеся рабіць са шматлікімі кінутымі хатамі, якія раскрадаюць?!” Адказу з “вертыкалі” дагэтуль няма…

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ewushka.livejournal.com