“Зачыстка” і затрыманні ў Гародні



14 ліпеня па ўсёй краіне сілавікі праводзілі ператрусы ў праваабарончых, грамадскіх і палітычных арганізацыях, у грамадскіх актывістаў і экспертаў. Пра сітуацыю ў Гародні  размаўляем з карэспандэнтам Беларускага  Радыё Рацыя Сяргеем Апановічам.

РР: У Гародні 20 затрыманых за тры дні. Хто гэтыя людзі, хто праводзіў затрыманні і ўвогуле як на прыкладзе Гародні адбываецца гэтая маштабная “зачыстка”, аблавы з боку рэпрэсіўнай машыны Лукашэнкі?

Сяргей Апановіч: Самым дзіўным чынам адбываюцца затрыманні ў Гародні. Учора, напрыклад, быў затрыманы сябра кампаніі “Права выбару”, чалавек, які быў назіральнікам падчас выбарчай кампаніі мінулага года Вітольд Яроцкі. Яго затрымалі ў паліклініцы, дзе ён праходзіў медкамісію. Да яго падышлі два супрацоўнікі КДБ і завезлі яго на “размову”, якая цягнулася восем з паловай гадзінаў у КДБ. Такое адбываецца не першы дзень. Да гэтага затрымлівалі сябра Каардынацыйнай Рады Дзяніса Швыркіна. Яго завезлі ў КДБ і пратрымалі каля дзевяці гадзін. Актывістаў забіраюць то з дому, то з працы, то проста ў горадзе да іх падыходзяць два чалавекі ў цывільным і просяць пад’ехаць з імі на вуліцу Тэльмана. Апошнім часам гэта ўжо не Следчы камітэт, куды вазілі некалькі месяцаў таму. Цяпер гэта КДБ. Супрацоўнікі КДБ паводзяць сябе вельмі тактоўна. Падчас ператрусаў яны забіралі тэхніку, але пасля гэтых шматчасовых размоваў у КДБ гэтая тэхніка вярталася людзям. Ім казалі „дзякуй”. І людзі не разумеюць, што ўвогуле адбываецца. Таксама ўчора забралі каля дзясятка чалавек з дваравога чата на Дзевятоўцы – аднаго з самых актыўных пратэстных раёнаў Гародні. Зачыстка гэтага чата адбываецца ўжо другі месяц. Гэта ўжо можна сказаць поўная зачыстка. Людзей пратрымліваюць 72 гадзіны і адпускаюць. Праца ідзе ў такім кантэксце, што не заводзяць крымінальных спраў па 342 артыкуле –  „арганізацыя масавых беспарадакаў”, – проста адпускаюць лдзей. На іх аказваецца такі псіхалагічны ціск, запалохванне. 

РР: У асноўным затрыманні праводзіць КДБ? Не ГУБАЗіК, як у Менску, не ДФР?

Сяргей Апановіч: ДФР сёння прыйшоў да нашага вядомага гарадзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава. Хутчэй за ўсё, яго затрымаюць на 72 гадзіны.

Таксама ДФР сёння прыйшоў у Грамадскае аб’яднанне “Трэці сектар”.

РР: Ці шмат засталося калегаў – незалежных журналістаў у Гародні, бо хтосьці сядзіць за кратамі, хтосьці з’ехаў?

Сяргей Апановіч: Нас засталося вельмі мала. Але мы будзем неяк дапамагаць адзін адному. Будзем імкнуцца быць на сувязі. Сапраўды, вельмі шмат з’ехала людзей. Хтосьці з’ехаў у Польшчу, хтосьці ў Грузію, ва Украіну… Нас засталося чалавек пятнаццаць. І ўсе знаходзяцца ў паўпадпольным становішчы. Але, я спадзяюся, што мы будзем старацца трымацца разам.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутрыў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя