Загінуў яшчэ адзін беларускі добраахвотнік



Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Павал Горбач з пазыўным «Борт», пра гэта паведамілі „Радыё Свабода” з трох розных крыніц. Пра смерць ваяра таксама ў сваіх акаўнтах паведамляюць сябры Горбача ў Instagram. Апошні раз у Telegram ён з’яўляўся на гэтым тыдні. Падрабязнасці гібелі беларуса пакуль невядомыя.

Павал Горбач з 2012-га да 2015 году працаваў на кантракце ў беларускім войску, быў старшыной. У Беларусі Горбача асудзілі за нестатутныя адносіны, ён адбываў пакаранне на «хіміі». Сам Павал Горбач у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» казаў, што мае на руках усе дакументы і хацеў бы абскардзіць гэты прысуд.

Вядома, што Павел быў фанатам футбольнага менскага «Дынама». У размовах з карэспандэнтам „Свабоды” добраахвотнік расказваў, што яго як фаната яшчэ да 2020 году спрабаваў завербаваць ГУБАЗіК. Горбач актыўна ўдзельнічаў у пратэстах 2020 году, быў вымушаны выехаць з краіны, каб ня трапіць пад крымінальны пераслед. У Польшчы працаваў дальнабойнікам. Ва Украіну паехаў з самага пачатку вайны разам з сябрам Змітром «Тэрорам» Апанасовічам. У сакавіку 2022 году «Борт» і «Тэрор» удзельнічалі ў баях у Ірпяні Кіеўскай вобласці. Там Апанасовіч атрымаў смяротнае раненне.

Гэта найменш 36-ы беларускі добраахвотнік, які загінуў ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.