Зайдэс патрабуе ў газеты „Новы час” і журналіста Івашына 8 тысяч рублёў



Саўладальнік рэстарана „Поедим поедим” Леанід Зайдэс патрабуе ў недзяржаўнай газеты „Новы час” і журналіста Дзяніса Івашына 8 тыс. рублёў у якасці кампенсацыі ўрону дзелавой рэпутацыі і кампенсацыі маральнай шкоды, паведаміў БелаПАН намеснік галоўнага рэдактара выдання Сяргей Пульша.

Іск рэдакцыя атрымала 7 снежня па пошце. У ім пазначаная сума кампенсацыі маральнай шкоды: бізнесмен патрабуе ад газеты 5 тыс. рублёў і ад журналіста Івашына — 3 тыс. рублёў. Газета выклікаецца ў суд на 17 снежня „ў якасці адказчыка па іску Зайдэса Л.Л. аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды”.

Паводле слоў Пульшы, Зайдэс лічыць, што яго абразіла інфармацыя, размешчаная на сайце газеты 13 чэрвеня 2018 года, дзе гаворка ідзе аб незаконнасці будаўніцтва рэстарана. Таксама ў іску бізнесмэн адзначае, што 19 ліпеня 2018 года на сайце газеты „Новы час” быў апублікаваны відэарэпартаж Дзяніса Івашына, у каментарыях да якога газета апублікавала звесткі аб Зайдэсе, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, у прыватнасці аб тым, што ў яго дачыненні распачатая крымінальная справа ва Украіне.

„Матэрыял ад 19 ліпеня рабіў не „Новы час”, мы перадрукавалі яго з іншых крыніц, яны там пазначаныя: „Белсат”, „Радыё Свабода”, „Радыё Рацыя”, — адзначыў Пульша. — Што тычыцца матэрыяла за 13 чэрвеня, то Зайдэса закранула, у прыватнасці, адно слова — „незаконнае”. Аднак ёсць такое паняцце, як меркаванне, а акрамя таго, Івашын у сваім матэрыяле як раз і ставіць пытанне аб законнасці будаўніцтва рэстарана ў Курапатах”.

Намесніка рэдактара заявіў, што газета гатовая ісці ў суд і будзе адстойваць сваю пазіцыю, бо, на думку рэдакцыі, усё выкладзенае ў матэрыялах Івашына адпавядае рэчаіснасці, і ніякай шкоды дзелавой рэпутацыі Зайдэса не прычынена.

На пытанне, ці звязвае рэдакцыя новы разбор з іскамі, раней пададзенымі бізнесменам Аркадзем Ізраілевічам, Пульша адказаў станоўча. „Самі па сабе такія справы не ўзнікаюць”, — сказаў ён і дадаў, што новы іск гэтак жа не абгрунтаваны, як і стары.

Намеснік рэдактара таксама выказаў меркаванне, чаму ўладальнікі рэстарана падаюць іскі менавіта на „Новы час”. „Па-першае, мы вельмі доўга і паслядоўна асвятляем тэму Курапатаў. Па-другое, яны не могуць падаць у суд на „Радыё Рацыя”, якое знаходзіцца ў Беластоку, на „Радыё Свабода”, якое знаходзіцца ў Празе, або на „Белсат”, які знаходзіцца ў Варшаве. А на „Новы час” могуць”, — адзначыў Сяргей Пульша.

Леанід Зайдэс з`яўляецца саўладальнікам рэстарана „Паедзем паядзім”, які пабудаваны побач з месцам масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам. З 31 мая каля рэстарана праходзяць пратэсты супраць яго працы.

Раней на „Новы час” у суд падаваў бізнесмен Аркадзь Ізраілевіч у сувязі з публікацыямі артыкулаў аб будаўніцтве рэстарана „Паедзем паядзім”. Ён патрабаваў у якасці кампенсацыі ад газеты 40 тысяч рублёў і яшчэ тысячу — ад аўтара матэрыялаў Дзяніса Івашына. Іск задаволены не быў.

belapan.by