Законапраект аб ахове і выкарыстанні БЧБ сцяга вывучаюць у Мінкультуры, Мінюсце і МУС



У рамках падрыхтоўкі да ўнясення ў Палату прадстаўнікоў распрацаванага дэпутатам, актывісткай Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганнай Канапацкай законапраекта „Аб выкарыстанні і ахове першага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь” 18 верасня яго тэкст і абгрунтаванне да дакумента накіраваны для заўваг у Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў.

Канапацкая паведаміла БелаПАН, што ў Мінкультуры праект быў накіраваны загадзя, 12 верасня, у сувязі з тым, што законапраект прапаноўвае ўнесці бел-чырвона-белы сцяг у спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Паводле слоў дэпутата, Міністэрства культуры павінна даць свой адказ да 1 кастрычніка, астатнія два міністэрствы — да 3 кастрычніка.

„Якімі будуць адказы, я не ведаю, але думаю, што станоўчымі. Таму што ніякай крамолы ў гэтым законапраекце няма”, — падкрэсліла парламентарый.

Праект дакумента Канапацкая прадставіла ў траўні. Прапаноўваецца ўрэгуляваць прававыя асновы выкарыстання, папулярызацыі і аховы першага дзяржаўнага сцяга краіны, „які мае асаблівае гістарычнае і духоўна-маральнае значэнне для Рэспублікі Беларусь”.

Канапацкая прапаноўвае заканадаўча замацаваць магчымасць свабоднага выкарыстання бел-чырвона-белага сцяга. „Бел-чырвона-белы сцяг можа выкарыстоўвацца падчас дзяржаўных святаў і святочных дзён, а таксама на ўрачыстых мерапрыемствах, якія праводзяцца дзяржаўнымі органамі, юрыдычнымі асобамі і грамадзянамі падчас народных, працоўных, сямейных святаў і ў іншыя памятныя даты, пры забеспячэнні павагі да бел-чырвона-белага сцяга”, — гаворыцца ў праекце.

Дэпутат ініцыюе норму аб тым, што грамадзяне павінны з павагай ставіцца да „першага дзяржаўнага сімвала” Беларусі. Канапацкая лічыць неабходным надзяліць мясцовыя саветы дэпутатаў правам „абавязаць дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі вывешваць бел-чырвона-белы сцяг адначасова з дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь у вызначаныя дні альбо пастаянна”. Акрамя таго, у законапраекце ёсць норма, згодна з якой стварэнне перашкод правамернаму выкарыстанню бел-чырвона-белага сцяга і здзек над ім цягне адміністрацыйную адказнасць.

belapan.by