Закрываецца беларускі аўтамабільны партал ABW.by



Партал пра аўтамабілі ABW.bу закрываецца. Сёння, 19 лістапада — апошні дзень, калі сайт будзе абнаўляцца. Пра гэта паведаміла каманда праекта.

На сайце з’явіўся зварот да чытачоў, партнёраў — і ў тым ліку прадстаўнікоў ДАІ, якія давалі каментары для медыя па аўтамабільнай тэматыцы. „Мы хацелі б падзякаваць вам за адданасць – шмат хто з намі з часоў газеты „Аўтабізнес”, — гаворыцца ў звароце.

Улетку 2022 года былі затрыманыя трое рэдактараў ABW.by. Ужо сёлета галоўную рэдактарку накіравалі ў калонію на 1,5 года. А напрыканцы красавіка ў рэдакцыі адбыліся чарговыя затрыманні. Праваабаронцы пісалі, што ГУБАЗіК прыйшоў да дырэктара партала ABW.ВY Віталя Палякова. Па версіі праўладных тэлеграм-каналаў, ён нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, „выкладваў нацысцкую ўкраінскую сімволіку, абражаў службовых асоб саюзнай дзяржавы, вёў падрыўную работу ў калектыве і прысягаў Ціханоўскай”.

Беларускае Радыё Рацыя