Замацаваць помнікам славу савецкай улады не давялося



Штогод пінскі актыў Кампартыі Беларусі збіраецца на мітынг у скверы за мясцовым выканаўчым камітэтам. Тут сярод елак знаходзіцца валун з беларускамоўнай шыльдай: “У памяць барацьбітоў за ўсталяванне ўлады Саветаў на Піншчыне ў 1918-1920 гг.”. Першапачаткова надпіс быў іншы і расейскамоўны. Тагачасная шыльда інфармавала, што нібыта на гэтым месцы будзе помнік савецкай уладзе ці то ўсё тым жа савецкім барацьбітам.

Кажуць, усталявалі валун у час, калі СССР сыходзіў у нябыт і элементарна не хапала фінансаў, каб рэалізаваць нейкія манументальныя мастацкія задумы. Міналі годы, надпіс пра помнік стаў недарэчным і выхад знайшоўся. Можа гэта гістарычная заканамернасць, што поўнавартасная кампазіцыя ў славу савецкай улады ў Пінску так і не паўстала? Бо сама ўлада бальшавікоў доўга не магла замацавацца ў палескай сталіцы. Нават першыя савецкія структуры Піншчыны з’явіліся не ў самім горадзе.

11-12 лістапада 1917 года ў Лунінцы адбыўся з’езд рабочых і салдацкіх дэпутатаў, на якім утварылі і абралі склад Пінскага Савета народных камісараў. Чаму не ў горадзе над Пінай? Ён быў заняты нямецкімі войскамі, як і палова беларускіх зямель. Акрамя таго, сюды ўжо сцягваліся вайсковыя фармаванні Украінскай Народнай Рэспублікі, а ў 1918 годзе і афіцэры імператарскай арміі, так званыя “белыя”.

Рэальная падпольная барацьба за савецкую ўладу на Піншчыне пачалася з 1918 года і галоўным чынам аўтарытэт быў у эсэраў. Сапраўды бальшавікі не мелі перавагі нават у самым “сэрцы рэвалюцыі”, што засведчыў Устаноўчы Сход 5 студзеня 1918 года. Менавіта гэта адзін з чыннікаў таго, навошта Леніну і Ко быў неабходны “чырвоны тэрор” і чаму законны Устаноўчы Сход разагналі. Эсэры на некалькі год сталі хаўруснікамі ленінцаў па барацьбе, праўда пасля добра пашкадавалі…

Новаўтвораная Украінская Народная Рэспубліка мела ўласны погляд на сучаснае беларускае Палессе. Некаторыя высокія кіеўскія чыноўнікі заяўлялі, што хацелі б бачыць на поўначы моцнага суседа, які б здолеў супрацьстаяць чырвонай Маскве, але такога беларускага ўраду няма. Таму землі па лініі чыгункі Берасце-Гомель уключылі ў склад сваёй дзяржавы. Замацаванне гэтых тэрыторый за УНР адбылося ў Берасці ў лютым 1918 года, калі адбывалася падпісанне мірнай дамовы паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай з яе саюзнікамі.

Ужо 6 сакавіка 1918 года ўрад Украіны прыняў “Закон аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні”, па якім утваралася Дрыгавіцкая зямля з цэнтрам у Мазыры. Пазней, калі ў Кіеве зрынулі гетмана Скарападскага, Дрыгавіцкую зямлю рэарганізавалі ў адмысловую Палескую акругу. Гэтая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка была самай вялікай ва УНР і тут прадугледжвалася культурна-нацыянальная аўтаномія беларусам.

Пасля завяршэння ў лістападзе 1918 года Першай Сусветнай вайны (1914-1918), кайзераўскія войскі пакідалі Палессе. У гэтых умовах падпольшчыкі актывізаваліся. Пачалося так званае Палесскае паўстанне. Гэты выступ хутчэй падрыхтавалі эсэры, але і без удзелу бальшавікоў не адбылося. Напрыканцы студзеня 1919 года, выбіўшы з горада УНРаўскіх гайдамакаў і добраахвотнікаў Пінска-Валанскага батальёна, паўстанцы занялі Пінск. Пачалося месячнае панаванне Саветаў, а там ужо прыйшло Войска Польскае.

Напрацягу 1919-1920 гадоў Пінск пераходзіў “з рук у рукі” пакуль часовую кропку не паставіла Рыжская мірная дамова. Так да кастрычніка 1939 года Піншчына апынулася ў складзе міжваеннай Польшчы. Увогуле цікава падлічыць, колькі разоў у 1917-1920 гадах зменьвалася ўлада ў рэгіёне. Каго тут толькі не было і хто тут толькі за якую ўладу не змагаўся. Пэўна Булгакаў не менш здзівіўся б чым назіраючы за зменаю ўладаў у Кіеве.

Канечне, рэальна савецкая ўлада ў Пінску ўсталявалася ў 1944 годзе. Савецкі перыяд у горадзе над Пінай заняў менш за паўстагоддзя. Гэта нават не сем дзясяткаў існавання СССР. У кантэксце гісторыі чалавецтва нейкі там 0,001%, але ж які цяжкі і неадназначны. Колькі страчаных гісторыка-культурных каштоўнасцей, колькі нерэалізаваных надзей, а самае галоўнае – колькі лёсаў паглынуў рэвалюцыйны вір.

Беларускае Радыё Рацыя