Замест працы — у пастарунак



Берасцейскія журналісты-фрылансеры з’явіліся па позве ў пастарунак міліцыі 3 для дачы тлумачэнняў у межах праверкі фактаў парушэння імі заканадаўства. Выклік у міліцыю тычыўся Міланы Харытонавай, Алеся Ляўчука і Яўгена Скрабца. Праверка ж ідзе па фактах з’яўлення матэрыялаў, у тым ліку датычных пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, на сайтах тэлеканала „Белсат” і Беларускае Радыё Рацыя. Каментуе Мілана Харытонава:

Выклікалі нас з калегам нібыта за выраб матэрыялаў, якія пазней з’явіліся на тэлеканале «Белсат», з судоў над актывістамі супраць завода 4 і 8 кастрычніка, адразу па двух эпізодах. То бок яны адкрыта нам заяўляюць, што непажадана, каб журналісты займаліся гэтай тэмай. І тое, што выклікалі нас менавіта на той самы час, калі берасцейцы «кормяць галубоў», таксама сведчыць пра тое, што ўсё зроблена для таго, каб заткнуць нам рот з гэтай тэмай.

Як стала вядома ў пастарунку, пратаколы адміністрацыйных правапарушэнняў яшчэ не складзены і таму ўсе трое журналістаў атрымалі чарговыя позвы на 24 кастрычніка на 11:00. Праверка праводзіцца па факце парушэння „журналісцкага” артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, санкцыі якога – ад 20 да 50 базавых велічыняў штрафу. Знаходзіліся журналісты ў пастарунку ад моманту пачатку да сканчэння штотыднёвай акцыі праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Усе трое лічаць, што так было зроблена, каб прадухіліць асвятленне ў недзяржаўных СМІ гэтай падзеі.

Поўны гук у далучаным файле:

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара