Замест СІЗА людзей адпраўляюць у калоніі
Канкрэтнага механізму пошуку сваіх родных і блізкіх, затрыманых падчас акцый пратэсту на вуліцах беларускіх гарадоў, няма. Міністэрства ўнутраных спраў апунылася цалкам не падрыхтаванае да такога наплыву людзей і ізалятары часовага ўтрымання, і СІЗА, таму многіх людзей адпраўляюць у калоніі.
Адзначае праваабаронца Валянцін Стэфановіч:
– Эфектыўнага механізму, напэўна, на сёння няма, таму што сістэма МУС аказалася цалкам не гатовая да такога наплыву людзей. Яны запіхвалі іх у камеры па 5-6 чалавек на адно спальнае месца, не кармілі людзей па двое сутак. І натуральна, што нейкіх спісаў у іх няма, па тэлефоне 102 даюць тэлефон «Вясны». Гэта фантасмагарычная сітуацыя. Мы звычайна раім тэлефанаваць па тэлефонах ЦІПА і ІЧУ ў Менску і Жодзіна. Але не факт, што яны там таксама. Але нейкую інфармацыю яны зачытваюць, наколькі я ведаю.
У такіх умовах людзі самаарганізаваліся і стварылі адмысловы чат у Тэлеграме, дадае праваабаронца:
– Ёсць чат «Акрэсціна спісы», і там даволі шмат інфармацыі ўжо ёсць, людзі ўжо самаарганізаваліся і спісы там ужо склалі. І хто ў Жодзіна там, хто дзе. Нейкую інфармацыю там можна здабыць. Можна скарыстацца яшчэ такім каналам інфармацыі і разам з тым унесці свой унёсак у дапамогу адно аднаму. Таму што там самаарганізуюцца людзі. І машыны адпраўлялі ў Жодзіне, каб людзей давозіць да Менску і з ЦІПА давозілі. То бок людзі дапамагаюць самі сабе ў гэтай сітуацыі.
Як ужо паведамлялася, каля 100 удзельнікаў пратэстных акцый вызваленыя гэтай ноччу са сталічнага цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў. Прозвішчы вызваленых прыводзіць створаны раніцай 12 жніўня сваякамі асуджаных телеграм-канал «Акрэсціна спісы».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя